Абаронцу Курапатаў Леаніда Кулакова ізноў збіў аўтамабіль – на гэты раз з пераломам рукі Дакумент
Пад час пікетавання рэстарана “Поедем поедим”, які адчыніўся ва ўрочышчы Курапаты ў зоне месцаў масавых пахаванняў ахвяраў палітычных рэпрэсій, 27 чэрвеня адбыўся інцыдэнт. Каля 17 гадзіны, як піша Радыё Свабода, аўтамабіль „Таёта“, у якім знаходзіліся 2 жанчыны, не зніжаючы хуткасці, паспрабаваў праехаць на тэрыторыю рэстарана. Аўтамабіль літаральна ўехаў у пікет і збіў актывіста Леаніда Кулакова з ног. Пікетоўцы выклікалі хуткую дапамогу і ДАІ. Алесь Туровіч пазней паведаміў, што ў шпіталі, куды яго адвезла хуткая, у яго дыягнаставалі пералом левай рукі. Яму наклалі гіпс, але пазней, пасля лякарні, Кулакоў ізноў далучыўся да пратэстоўцаў.
Гэта не першы выпадак наезду аўтамабіля на Кулакова. Каля 2 тыдняў таму адін з наведнікаў аўтамабіля наўмысна не спыніўся і ўдарыў актывіста капотам свайго аўтамабіля. За гэта на кіроўцу склалі адмінстрацыйны пратакол і пакаралі сімвалічным штрафам. Адзначаліся спробы наезду і іна іншых пікетоўшчыкаў.
Усе гэтыя дзеянні фіксуюць супрацоўнікі міліцыі ў цывільнай вопратцы, аднак іх дзеянні пасіўныя, яны зусім не спрыяюць ахове грамадскага парадку, а таму пагроза новых інцыдэнтаў і канфліктаў застаецца даволі высокай.
Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў цягам чэрвеня рэгулярна бярэ ўдзел у пікетах каля рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Поедем поедим”, закрыцця якога ужо месяц дамагаюцца актывісты розных партый і грамадзкіх арганізацый дэмакратычнага кірунку. Ад пачатку пратэстных акцый на актывіста было складзена 12 пратаколаў адміністрацыйных правапарушэнняў, большасць з іх – па артыкуле 18.23 КаАП (парушэнне Правілаў дарожнага руху).
25 чэрвеня Упраўленне ДАІ па Мінскай вобласці вынесла першую адмінстрацыйную пастанову: за 2 парушэнні ПДР, якія мелі месца 19 чэрвеня, прыцягнуць Кулакова да адказнасці і пакараць штрафам у памеры 2 базавыя велічыні.
Ад пачатку пікетавання рэстараннага комплексу "Поедем поедим", па падліках праваабаронцаў "Вясны", на актывістаў было складзена каля 110-ці пратаколаў адмінстрацыйных правапарушэнняў на 34-х ўдзельнікаў акцый пратэсту.