Змітра Дашкевіча затрымлівалі за банэр „Курапаты – дарога смерці”
Змітра Дашкевіча позна ўвечары 23 чэрвеня затрымалі за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Раней у той дзень быў затрыманы жыхар Ваўкавыска Валерый Жабрак, які вёз з Курапат расцяжку з надпісам «Курапаты — дарога смерці». Дашкевіч з сябрамі паехаў высветліць лёс Жабрака, і тады затрымалі і яго.
Дашкевіч знаходзіўся ў Бараўлянскім РАУС. Сярод ночы яго вызвалілі.
Як паведаміў БелаПАН Зміцер Дашкевіч, ужо пасля паўночы, калі актывісты сыходзілі з урочышча, яму патэлефанаваў кіроўца, які перавозіў банэры. Яго спынілі супрацоўнікі ДАІ і прапанавалі праехаць у Бараўлянскі аддзел Менскага РУУС нібыта для праверкі на прадмет перавозкі небяспечных рэчаў. Абаронцы Курапатаў паехалі ў аддзел РУУС, каб падтрымаць кіроўцу.
„Там да нас падышоў нарад, мяне затрымалі, склалі пратакол за правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства па арт 23.34 КаАП. Пратрымалі ў аддзеле каля дзвюх гадзін, пасля чаго адпусцілі”, — паведаміў Дашкевіч.
Паводле яго слоў, прычынай затрымання стала незадаволенасць міліцыі банарамі. 22 чэрвеня прыблізна ў 13 гадзін Дашкевіч каля забаўляльнага комплексу з рэстаранам „Поедем поедим” устанавіў на драўляных канструкцыях дзве вялікія расцяжкі. Адна з іх была размешчаная каля ўваходу ў комплекс, другая — уздоўж плота, каб яе можна было ўбачыць з транспарту, праязджае па Менскай кальцавой аўтамабільнай дарозе. На двух расцяжках быў адзін і той жа надпіс — „Курапаты — дарога сьмерці”. Так называўся артыкул Зянона Пазьняка, які быў апублікаваны ў газеце „Літаратура і мастацтва” ў чэрвені 1988 года і ў якой распавядалася пра расстрэлы ва ўрочышчы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Акцыі супраць працы забаўляльнага комплексу з рэстаранам праходзяць штодня з 31 траўня.