Вольга Чайчыц: "Прыгразілі сілаю прывесці ў суд і асудзіць"
Адразу чатыры суда над журналістамі «Белсата» Вольгай Чайчыц, Андрусём Козелам, Аляксандрам Баразенкам і Ганнай Аземшай былі прызначаны на 10 красавіка. На іх складзены пратаколы па арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне заканадаўства аб СМІ).
Як паведамляе "Белсат", 10 красавіка адбыліся толькі два судовых паседжання – над Аляксандрам Баразенкам і Ганнай Аземшай. Працэс адбыўся завочна, бо журналісты ў суд не з’явіліся. Праз тэлефон вынікі разгляду чарговай справы над імі працаўнікі суду гаварыць адмовіліся. Паведамілі, што дашлюць поштаю.
Па інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, гэта ўжо трэці суд над Баразенкай і Аземшай ад пачатку месяца (паседжанні ўжо адбыліся 2 і 5 красавіка). Кожны раз падставаю для пераследу была праца журналістаў па асвятленню затрымання і суда над Андрусём Козелам.
Працэс над Андрусём Козелам і Вольгаю Чайчыц – адклалі. Дакладнай даты новага паседжання няма, затое журналістаў папярэдзілі, што ў выпадку нез’яўлення ў суд, іх туды даставяць прымусова. Падставаю для складання пратаколаў стала праца журналістаў над сюжэтам пра датэрміновае галасаванне на мясцовых выбарах.
Вольга Чайчыц, каментуючы гэтую сітуацыю, адзначае:
«Увогуле не бачу сэнсу ездзіць на суды, бо ніякія нашыя аргументы ніколі ніхто не слухае. Да таго ж яны прызначылі паседжанне на час, калі ў Андруся Дзень народзінаў. Калі мы не паехалі і тэлефанавалі даведацца пра вынікі, на нас пачалі крычаць, што мы «праз нейкае свята» не хацелі прыехаць. Сказалі, што наступным разам прывядуць нас сілай і асудзяць».
Акрамя таго, супраць журналістаў распачатая адміністрацыйная справа ў Карэліцкім раёне за сюжэт пра грамадзяніна Туркменістану Рустама Бабакулыева, які скардзіцца на рабскую працу ў беларускім калгасе. Дата суду па гэтай справе пакуль невядомая.
З пачатку года агульная сума штрафаў па арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне заканадаўства аб СМІ) па стане на 11 красавіка складае 859 базавых велічыняў, альбо 8 594 еўра.