Суд аштрафаваў легендарнага Антося Вусовіча, які некалі дамогся змены свайго прозвішча
Падобна, што супрацоўнкі міліцыі вырашылі прыкласці максімум намаганняў, каб устанавіць усіх удзельнікаў акцыі пратэсту "Свечка памяці” , што адбылася ў Мінску на прыступках КДБ 29 кастрычніка, ды накіраваць іх справы ў суды.
Пратакол адміністратыўнага правапарушэння быў складзены і на мінскага пенсіянера Антося Вусовіча, былога выкладчыка ліцэю, які браў удзел у акцыі. Аднак калі дакументы патрапілі ў суд, высветлілася, што імя і прозвішча ў пратаколе ўказаныя недакладныя і суддзя прыняла рашэнне вярнуць пратакол на дапрацоўку ў РУУС Заводскага раёна Мінска. Там разабраліся ў сваёй памылцы і хуценька “зварганілі” новыя паперы, і даслалі пенсіянеру па пошце новы пратакол, які суд разгледзеў 14 снежня.
Вырак прадказальны: “Быў, удзельнічаў, парушаў..”
Суддзя суду Заводскага раёна Алена Кунцэвіч вынесла пастанову аб прыцягненні Вусовіча да адміністратыўнай адказнасці за парушэнне арт. 23.34 КаАП ў выглядзе штрафу ў памеры 4 базавыя велічыні.
78-мі гадовы пенсіянер некалькі год намагаўся правільнага беларускага напісання ў пашпарце свайго імя і прозвішча. У 2016 годзе яму выдалі новы пашпарт, у якім старыя дазеныя – Антон Усовіч – былі выпраўленыя на Антось Вусовіч. Гэтая акалічнасць і стала прычынай блытаніны ў міліцэйскіх дакументах.