viasna on patreon

ААН - Беларусі: высылаць іранца, якому пагражае смяротнае пакаранне, нельга

2017 2017-12-07T11:53:54+0300 2017-12-07T11:55:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzhamshydijan-iranets-600.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мерхдад Джамшыдзіян. Фота Tut.by

Мерхдад Джамшыдзіян. Фота Tut.by

Камітэт ААН па правах чалавека запатрабаваў ад Беларусі не высылаць іранца Мехрдада Джамшыдзіяна, якому на радзіме пагражаюць катаванні і смяротнае пакаранне па выніках суда, пішуць naviny.by.

Пра гэта паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, які 6 снежня атрымаў рашэнне па гэтай справе камітэта, дзе ён прадстаўляе інтарэсы Джамшыдзіяна.

Праваабаронца нагадаў, што іранец прыехаў у Беларусь у 1993 годзе, заняўся бізнэсам, ажаніўся з беларускай. У яго сям'і трое дзяцей, усе яны - грамадзяне Беларусі.

У 2012 годзе Джамшыдзіян двойчы затрымліваўся для экстрадыцыі ў Іран. Генеральная пракуратура адмовіла ў яго выдачы, так як іранскі бок не даў неабходныя для гэтага дакументы.

На радзіме Джамшыдзіян падазраецца ў здзяйсненні падвоенага забойства - маці і роднага брата.

Сам Джамшыдзіян адмаўляе сваю вінаватасць у дадзеным злачынстве. На гэтым настойваюць і яго пляменніца і другі родны брат, якія пражываюць у Іране і неаднаразова звярталіся ў праваахоўныя органы з просьбай спыніць крымінальны пераслед сваяка.

У 2013 годзе аддзелам унутраных спраў Заводскага раёна Мінска было прынята рашэнне выслаць іранца з Беларусі па меркаваннях нацыянальнай бяспекі, так як той падазраецца ў здзяйсненні цяжкага злачынства за мяжой. У 2013-2014 гадах Джамшыдзіян тройчы затрымліваўся (апошні раз 10 чэрвеня 2014 гады) для ажыццяўлення прымусовай высылкі.

16 студзеня 2015 года Джамшыдзіян быў вызвалены з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску па гуманітарных падставах: у сувязі з цяжкай хваробай яго сына.

У 2013-2014 гадах Мехрдад неаднаразова звяртаўся да беларускіх уладаў з просьбай даць яму прытулак, бо ў Іране яму пагражаюць катаванні і пераслед за змену веравызнання з ісламу на хрысціянства.

Органамі па міграцыі МУС яму было адмоўлена ў прытулку, і таму Джамшыдзіян звяртаўся ў суды Мінска, беспаспяхова абскарджвая дадзеныя адмовы.

28 кастрычніка 2014 года Камітэт па правах чалавека ААН у тэрміновым парадку зарэгістраваў скаргу, пададзеную жонкай іранца - Аленай Джамшыдзіян.

Дадзеная скарга разгледжана камітэтам у лістападзе 2017 года. Камітэт устанавіў, што Мехрдаду Джамшыдзіяну ў выпадку выдачы ў Іран рэальна пагражаюць катаванні і смяротнае пакаранне па выніках судовага працэсу, які не адказвае мінімальным гарантыям справядлівага суда.

«Трэба сказаць, што Беларусь упершыню выканала прамежкавыя меры абароны: не ажыццявіла высылку Мехрдада падчас разгляду яго справы ў Камітэце па правах чалавека, - дадаў Кісляк. - Цяпер нашыя адпаведныя кампетэнтныя органы павінны канчаткова адмовіцца ад ідэі выслаць, выдаць ці іншым чынам пераправіць Джамшыдзіяна ў Іран, так як гэта будзе грубым парушэннем яго права на жыццё і забарону катаванняў».

Праваабаронца падкрэсліў, што гэта першая беларуская справа аб высылцы грамадзян, разгледжаная ў Камітэце ААН па правах чалавека.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства