Аляксандр Мех: Супрацоўнікі міліцыі хлусяць у судзе
У Брэсцкім абласным абласным судзе разгледжаная скарга грамадзкага актывіста з Кобрына Аляксандра Меха, які 11 траўня судом Кобрынскага раёна быў пакараны штрафам у памеры 5 базавых велічынь за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.
Па інфармацыі “Берасцейскай Вясны”, Мех не пагадзіўся з рашэннем раённага суда і гэты раз ужо абласному суду даводзіў, што не здзяйсняў таго, у чым яго звінавачваюць. Наадварот, гэта міліцыянты ў чорных масках накінуліся на яго, нанеслі яму цялесныя пашкоджанні, прычынілі шкоду здароўю.
“Я прыйшоў у суд за справядлівасцю, а не за апраўданнем. Супрацоўнікі міліцыі хлусяць і падстаў для ўварвання ў кватэру ў іх не было, але на нас напалі людзі ў масках... Адзінае тлумачэнне іх дзеянняў гэта выкананне загаду, каб зняць праслухоўваючую прыладу, якую мы знайшлі ў кватэры...” – распавядаў суду Алесь Мех аб абставінах здарэння.
Тым не меней, 30 лістапада суддзя абласнога суда Валянціна Куніцкая, доўга не разважаючы, пастанавіла пакінуць пастанову суда Кобрынскага раёна без зменаў, а скаргу грамадзкага актывіста Алеся Меха без задавальнення.