Тамару Шчапёткіну асудзілі за супрацу з Беларускім Радыё Рацыя да штрафу Дапоўнена

2017 2017-11-15T20:24:00+0300 2017-11-16T14:21:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shchapetkina-tamara-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Тамара Шчапёткіна. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.

Тамара Шчапёткіна. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.

Журналістка-фрылансерка Тамара Шчапёткіна з Бярозы была выклікана ў суд Бярозаўскага раёна на раніцу 14 лістапада ў якасці асобы, ў адносінах да якой вядзецца адміністратыўны працэс. Яе вінавацяць па ч. 2 арт. 22.9 КаАП за нібыта “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”: за тое, што жанчына ўзяла каментар у Вольгі Сышчаніцы, даяркі з Кобрына, на якую падаў у суд юрыст-консульт Анатоль Джыга за абразу.

Справу разглядае суддзя Алена Нямкова. У судзе Тамара Шчапёткіна прадставіла сваю пазіцыю датычна таго, што кіруючыся нацыянальным і міжнародным заканадаўствам, яе працу нельга разглядаць як выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, бо кожны чалавек мае права шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю незалежна ад межаў краіны.

“Мяне каторы раз прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі. У прыватнасці, на Беларускае Радыё Рацыя. Абвінавачваюць у парушэнні артыкула 22.9 частка 2 «Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ», але журналіст прадукцыі СМІ не вырабляе і не распаўсюджвае. Гэтым займаецца рэдакцыя. Толькі рэдакцыя можа дапусціць парушэнні вырабу прадукцыі СМІ, а ніяк не журналіст”, – пракаментавала напярэдадні судовага працэсу Тамара Шчапёткіна для Беларускага Радыё Рацыя.

shchapetkina.jpg
Тамара Шчапёткіна з групай падтрымкі каля будынку суда

Аднак, суддзя палічыла неабходным выклікаць у суд у якасці сведкі актывіста з Кобрына Алеся Меха, які ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні ўжо пазначаў, што нічога не памятае і не можа сказаць па справе, а таксама Вольгу Сышчаніцу, у якой Тамара Шчапёткіна брала каментар. Працяг разгляду справы перанесены на 11 раніцы 15 лістапада.

Праваабаронца з Баранавічаў Сяргей Гоўша, які прыехаў падтрымаць Тамару Шчапёткіну, распавёў, што сутыкнуўся са шматлікімі парушэннямі ў судзе. Так, пры ўваходзе ў яго не проста папрасілі паказаць пашпарт, але і перапісалі дадзеныя і патрабавалі назваць імя суддзі, на працэс да якой праваабаронца сабраўся патрапіць. Пасля паседжання Сяргею Гоўшу разам з Тамарай Шчапёткінай амаль да выхаду суправаджаў дзяжурны па будынку суда, што абурыла праваабаронцу. Калі ён збіраўся патрапіць на другі паверх будунку, каб пакінуць запіс у кнізе скаргаў і прапаноў, гэты самы дзяжурны не пускаў яго, кажучы, што прыёмныя гадзіны старшыні суда скончыліся. Аднак, Сяргей Гоўша ўсё ж змог пакінуць свае заўвагі ў кнізе скаргаў.

***

На наступны дзень - 15 лістапада - суд Бярозаўскага раёна працягнуў разгляд справы. Па выніку суддзя вынесла рашэнне аб пакаранні Тамары Шчапёткинай штрафам у памеры 25 базавых велічынь - 575 беларускіх рублёў. 

"Два дні ішоў працэс. І завяршыўся тым, што суддзя нават не выйшла падумаць, як мяне пакараць, то тут не ведаю, што і казаць… Лічу, што больш хадзіць па гэтым пытанні па судах я не буду. 25 базавых, калі не было ніякіх сведкаў, калі я нікога не пакрыўдзіла сваім артыкулам, гэта занадта", - пракаментавала для Радыё Рацыя журналістка. 

Тамара Шчапёткіна плануе абскардзіць рашэнне суда, бо лічыць, што журналісту-фрылансеру не патрэбная акрэдытацыя, а адпаведна ў яе дзеяннях няма складу правапарушэння. 

Яна адзначыла, што з 2014 года яе ўжо ў трэці раз пакаралі штрафам па гэтым артыкуле КаАП.

"Такім чынам улады хочуць прымусіць мяне замаўчаць. Але гэтага яны не даб'юцца", - заявіла Шчапёткіна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства