Саміт Усходняга партнёрства мусіць заклікаць кіраўнікоў Азербайджана і Беларусі да дэмакратызацыі
Міжнародныя і нацыянальныя праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку беларускія, заклікалі кіраўніцтва Еўрасаюза прасоўваць пытанне парушэнняў правоў чалавека ў Азербайджане на Саміце Усходняга партнёрства, які адбудзецца 24 лістапада ў Бруселі. Паводле кіраўніка ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага, які падпісаўся пад зваротам, праблемы ў Азербайджане вельмі нагадваюць праблемы ў Беларусі, і важна, каб у перамовах з Лукашэнкам яны таксама былі агучаныя Еўрасаюзам. Лукашэнка павінен разумець, што паездка ў Брусель – гэта не аванс з боку ЕС, а пачатак доўгай дарогі, лічыць праваабаронца.
Напярэдадні 5-га Саміта Усходняга партнёрства кааліцыя з 37-мі праваабарончых НДА накіравала ліст кіраўнікам дзяржаў-удзельніц Еўрапейскага Саюза, а таксама лідарам ЕС з нагоды візіту прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева ў Брусель для ўдзелу ў Саміце. Праваабаронцы заклікаюць палітыкаў скарыстаць Саміт, каб прымусіць прэзідэнта Аліева пакласці канец падаўленню правоў чалавека ў Азербайджане і зрабіць канкрэтныя захады ў гэтым кірунку, у тым ліку вызваліць палітычных зняволеных і рэфармаваць рэпрэсіўнае заканадаўства ў сферы НДА.
Сярод адрасатаў адкрытага ліста - кіраўнікі і міністры замежных справаў 28 краінаў-сябраў ЕС, вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспецы Федэрыка Магерыні, камісар ЕС па пытаннях еўрапейскай палітыкі добрасуседства і пашырэння Яханэс Хан, прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Жан-Клод Юнкер, старшыня Еўрапейскага савета Дональд Туск і прэзідэнт Еўрапарламента Антоніа Таяні.
“Настойліва раім вам выкарыстаць любую магчымасць падчас Саміту, каб заклікаць прэзідэнта Аліева спыніць рэпрэсіі ў галіне правоў чалавека і здзейсніць канкрэтныя і ўстойлівыя рэформы ў галіне правоў чалавека ў Азербайджане”, — гаворыцца ў адкрытым лісце. “Гэтыя захады ўключаюць вызваленне асобаў, арыштаваных па сумніўных, палітычна матываваных абвінавачаннях, і рэфармаванне заканадаўства, якое перашкаджае дзейнасці і доступу да фінансавання незалежных няўрадавых арганізацый”.
Таксама еўрапалітыкаў заклікаюць патрабаваць ад Азербайджана неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх незаконна асуджаных праваабаронцаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія пераследуюцца ў сувязі з іх законнай дзейнасцю.
Зварот падпісалі шэраг аўтарытэтных міжнародных праваабарончых арганізацый - Amnesty International, Civil Rights Defenders, FIDH, Freedom House, Front Line Defenders, Human Rights Watch, “Рэпарцёры без межаў”. Беларусь у гэтым спісе прадстаўлена Беларускім Домам правоў чалавека імя Барыса Звозскава і Праваабарончым цэнтрам “Вясна”.
Алесь Бяляцкі, які падпісаў адкрыты ліст ад імя “Вясны”, лічыць, што пастаноўка пытанняў правоў чалавека перад аўтарытарнымі кіраўнікамі падчас палітычных сустрэчаў прадстаўнічага ўзроўню з’яўляецца “эфектыўным механізмам, які праваабаронцы і грамадскія актывісты ўвогуле мусяць актыўна выкарыстоўваць”. І паколькі маючы адбыцца Саміт УП можа стаць першым, у якім прыме ўдзел Аляксандр Лукашэнка, яго паездка ў Брусель не павінна прайсці як турыстычная, мяркуе кіраўнік “Вясны”.
“Комплекс праблемаў у Азербайджане вельмі нагадвае комплекс праблемаў у Беларусі. Таму Лукашэнка павінен разумець, што яго паездка ў Брусель – гэта не аванс з боку ЕС, а пачатак доўгай дарогі. Яму трэба нагадваць, што без зменаў унутры Беларусі ніякага прарыву ў міжнародных дачыненнях не будзе, - кажа Алесь Бяляцкі. - У перамовах з Лукашэнкам Еўрасаюз мусіць назваць найбольш вострыя праблемы, якія датычацца развіцця дэмакратыі і сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. А я нагадаю, што, па ацэнках праваабарончай супольнасці, у краіне нічога не мяняецца. Ёсць пэўныя геапалітычныя хады, ацэненыя еўрапейскімі палітыкамі, яны датычацца пазіцыі Беларусі ў канфлікце паміж Расіяй і Украінай, у іншых пытаннях, якія паказваюць прынамсі самастойнасць беларускай палітыкі ў пэўных кірунках. У той жа час унутры краіны мы бачым працяглую стагнацыю, шматгадовы крызіс. І нашыя заклікі да перамоўнага працэсу паміж уладамі і шырокай грамадзянскай супольнасцю, да арганізацыі пляцовак, дзе б мы маглі сумесна абмяркоўваць вострыя праблемы, імкнуцца да іх вырашэння, як гэта ёсць у іншых краінах, пакуль застаюцца без адваротнай рэакцыі”.
Сярод праблемаў, на якія ЕС варта звярнуць увагу, Алесь Бяляцкі называе адсутнасць празрыстасці і дэмакратычнасці пры правядзенні выбараў, наяўнасць крымінальных справаў супраць грамадзянскіх актывістаў, заганную практыку адміністратыўных арыштаў, якая аднавілася і ператварае Беларусь “у краіну з актыўнымі штодзённымі рэпрэсіямі”, наяўнасць у краіне смяротнага пакарання, абмежаванне права грамадзянаў на правядзенне мірных сходаў, праблему рэгістрацыі няўрадавых арганізацыяў, узаемадачыненні дзяржаўных структураў і грамадзянскай супольнасці ў цэлым.
“Гэты Саміт мусіць ясна паставіць перад Лукашэнкам праблему маштабнай мадэрнізацыі, сістэмных зменаў у Беларусі – тое, на што беларускія ўлады не адважваюцца, бо інакш мы будзем усё больш патанаць у грамадска-палітычным і эканамічным крызісе”, - падводзіць рысу праваабаронца.
Як паведамляе Еўрапейская служба знешніх сувязяў, падчас 5-га Саміта Усходняга партнёрства ў Бруселі 24 лістапада кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін-удзельніц ЕС і шасці краін Усходняга партнёрства (Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны) будуць разглядаць перспектывы далейшага супрацоўніцтва. Яны таксама падвядуць вынікі працы ад часу апошняга саміту ў Рызе ў 2015 годзе, “засяроджваючыся на прыкладах, якія ілюструюць рэальную карысць для грамадзянаў шасці краінаў Усходняга партнёрства”.
Разам з тым нагадваецца, што пагадненні аб асацыяцыі і глыбокай і ўсёабдымнай зоне свабоднага гандлю, заключаныя у 2014 годзе, паднялі адносіны паміж ЕС і Грузіяй, Малдовай і Украінай на новы ўзровень і, самае галоўнае, яны маюць на мэце адчувальнае паляпшэнне ўзроўню жыцця грамадзянаў гэтых краінаў. Яскравы прыклад - лібералізацыя візавага рэжыму для Грузіі і Украіны ў 2017 годзе, для Малдовы - у 2014-м.
У выніку перагляду еўрапейскай палітыкі суседства ў 2015 годзе, у дачыненні да Арменіі, Азербайджана і Беларусі быў выпрацаваны індывідуальны падыход. З Арменіяй ЕС заключыў “усёабдымнае і пашыранае пагадненне аб партнёрстве”, згодна з якім у палітычным і эканамічным супрацоўніцтве будзе прымаць пад увагу іншыя міжнародныя абавязальніцтвы гэтай краіны. З Азербайджанам ЕС таксама вядзе перамовы аб заключэнні новага рамачнага пагаднення, “каб лепш адлюстроўваць інтарэсы і каштоўнасці”. З Беларуссю ЕС “паглыбляе крытычную ўцягнутасць у ажыццяўленне старанна вывераных узаемных крокаў”.