viasna on patreon

Статуя паліцэйскага каштоўнасьцю не зьяўляецца. Касінерава за “хуліганства” прыцягваюць упершыню

2017 2017-04-07T11:36:19+0300 2017-04-07T18:49:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lojka-svaboda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

«Гэта сьвятое месца, і накінуў на яго вяроўку», — Аляксандар Барсукоў пра Вячаслава Касінерава

Ілюстрацыйнае фота. Помнік гарадавому ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Помнік гарадавому ў Менску

Начальнік ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандр Барсукоў пракамэнтаваў у эфіры тэлеканалу АНТ справу, пачатую супраць актывіста анархісцкага руху Вячаслава Касінерава.

«Некаторыя так званыя праваабарончыя арганізацыі спрабуюць зрабіць зь яго нейкую ахвяру. Якая ахвяра? Ён тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці — за хуліганства і псаваньне маёмасьці. Гэта ўжо, напэўна, неяк характарызуе вышэйназванага грамадзяніна», — сказаў Барсукоў.

Паводле Барсукова, Вячаслаў Касінераў — гэта хуліган:

«Гэта просты хуліган, на якім кляйма няма дзе ставіць па вялікім рахунку. Які падышоў да помніка (гэта для міліцыянтаў для ўсіх — я 30 гадоў у міліцыі служыў, больш, сам ва ўсіх гарачых пунктах быў — гэта сьвятое месца) і накінуў на яго вяроўку. І невядома, чым бы гэта скончылася, калі б супрацоўнікі міліцыі яго не затрымалі. Вы ведаеце, да чаго можна дакаціцца ў такім выпадку. Так можна прыйсьці на плошчу Перамогі і зноў нейкія дзеяньні (такія дзеяньні, на жаль, ужо мелі месца) зрабіць».

Паводле АНТ, у менскай міліцыі сказалі, што «за такое пачуцьцё гумару хулігану ўсё ж давядзецца несьці пакараньне. Санкцыі артыкулу прадугледжваюць да трох гадоў пазбаўленьня волі».

«Гэта статуя паліцэйскага не зьяўляецца каштоўнасьцю»

Наста Лойка на

Праваабаронца Наста Лойка пракамэнтавала карэспандэнту Свабоды заяву Барсукова. Яна сказала, што ў заяве начальніка менскай міліцыі ёсьць фактычныя памылкі. Праваабаронца нагадала, што раней суд пакараў актывіста за псаваньне маёмасьці ў вядомай «справе графіцістаў».

«Гэта значыць, за хуліганства яго прыцягваюць першы раз. Чаму менавіта за гэтую акцыю? Найперш гэта прэвэнтыўныя меры, каб закрыць яго як актыўнага чалавека, які робіць шмат акцыяў. Па-другое, справа ў тым, што ён замахнуўся на „сьвятое“. Мы адзначалі, што гэты помнік ня мае ніякага статусу, гэта не гісторыка-культурная каштоўнасьць, гэта частка ўпрыгажэньня гораду. І тое, што перасьледуюць за гэту акцыю, вынікае, што для міліцыянтаў гэта важна. Хоць для большасьці грамадзянаў, якія не давяраюць міліцыі, асабліва ў сьвятле апошніх падзеяў, гэта статуя паліцэйскага не зьяўляецца каштоўнасьцю. А абвінавачваюць за хуліганства, таму што ён „парушыў асновы“. Насамрэч гэта была звычайная акцыя, якая можа некаму не падабацца. А для іх гэта сьвятое, гэта апошняя кропля, якую Касінераву не даравалі. Але тут няма ніякіх падстаў для крымінальнай адказнасьці».

6 красавіка суд Маскоўскага раёну Менску адхіліў скаргу на меру стрыманьня, прызначаную Вячаславу Касінераву. Таму ён застанецца пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Ягоная справа накіраваная ў пракуратуру і неўзабаве пойдзе ў суд.

Напярэдадні 9 беларускіх праваабарончых арганізацыяў прызналі Вячаслава Касінерава палітычным зьняволеным і запатрабавалі ад уладаў Беларусі спыненьня крымінальнага перасьледу і неадкладнага вызваленьня актывіста.

Вячаславу Касінераву прад’яўлена абвінавачваньне паводле часткі 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу («Хуліганства») за праведзены ім 12 сакавіка каля будынка МУС пэрформанс. Актывіст накінуў пятлю на статую паліцыянта часоў Расейскай імпэрыі, пастаўленую ля будынка Міністэрства ўнутраных спраў. Такім чынам Касінераў выказаў пратэст супраць міліцэйскага бясчынства і перасьледу ягоных сяброў за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства