Cуд пакінуў Вячаслава Касінерава пад вартай
6 красавіка суд Маскоўскага раёна Мінска разгледзеў скаргу актывіста анархісцкага руху Вячаслава Касінерава на прызначаную яму меру стрымання.
Суд адмовіўся вызваліць Касінерава з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе, таму ён застанецца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага.
Разгляд скаргі праходзіў у закрытым рэжыме, бо, як сказалі ў судзе, «справа рэзанансная», лішняга розгаласу не патрэбна. Пра гэта “Свабодзе” распавяла сяброўка Вячаслава Марына Насенка.
Нагадаем, Вячаславу Касінераву прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) за праведзены ім 12 сакавіка 2017 г. каля будынку МУС перформанс, падчас якога ён накінуў пятлю на ўсталяваную там статую паліцэйскага-гарадавога, выказаўшы такім чынам свой пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Крымінальны пераслед Касінерава праваабаронцы расцэньваюць як непрапарцыйна жорсткую рэакцыю ўладаў на яго ўчынак, абумоўленую помстай органаў міліцыі. Заключэнне яго пад варту і магчымае далейшае пазбаўленне волі лічаць празмернымі і скіраванымі на ізаляцыю актывіста з мэтай спынення ягонай публічнай дзейнасці. 5 красавіка праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з сумеснай заявай, у якой прызнаюць Вячаслава Касінерава палітычным зняволеным і патрабуюць ад уладаў Беларусі спынення крымінальнага пераследу і яго неадкладнага вызвалення.