Справаздача па выніках маніторынгу масавага мерапрыемства на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску 26 сакавіка Фота
26 сакавіка 2017 году ў Мінску адбылася акцыя, удзельнікі якой выказвалі пратэст супраць масавых затрыманняў з прымяненнем фізічнай сілы ў Дзень Волі 25 сакавіка.
Высновы:
- Масавае мерапрыемства было сарванае супрацоўнікамі міліцыі, а большасць яго ўдзельнікаў затрыманы. Пры гэтым парушэнняў грамадскага парадку і агрэсіўных дзеянняў/заклікаў з боку ўдзельнікаў зафіксавана не было.
- Паколькі парушэнняў грамадскага парадку ўдзельнікі не здзяйснялі, сам факт прысутнасці на масавым мерапрыемстве не мог быць падставай для іх затрымання. Такім чынам, можна зрабіць выснову аб тым, што затрыманні насілі адвольны характар[1].
- Падчас акцыі міліцыя перашкаджала дзейнасці назіральнікаў. Двойчы супрацоўнікі міліцыі патрабавалі ад назіральнікаў пакінуць месца правядзення акцыі без тлумачэння прычын. Таксама падчас акцыі была адвольна затрыманая праваабаронца Таццяна Рэвяка, якая знаходзілася на мерапрыемстве для ажыццяўлення праваабарончых функцый і фіксавала падзеі, якія там адбываліся, на мабільны тэлефон.
- Станоўчым момантам з'яўляецца прысутнасць падчас акцыі інфармацыйнай групы ад ГУУС Мінгарвыканкама, аднак трэба адзначыць нежаданне з іх боку да ўзаемадзеяння з назіральнікамі.
Метадалогія маніторынгу
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" на працягу некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадзянскага кантролю, стандартам мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы.
Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі распрацаваны сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання функцый назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасці хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правіл і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца асобна ад удзельнікаў акцыі. Яны пазначаныя бэйджамі назіральніка, сінімі і жоўтымі камізэлькамі.
Папярэдняя інфармацыя
Праз СМІ і сацыяльныя сеткі стала вядома, што на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску 26 сакавіка з 12:00 пачнецца акцыя ў падтрымку затрыманых дэманстрантаў мірнай акцыі, якая адбылася 25 сакавіка.
Падчас правядзення масавага мерапрыемства вочна і бесперапынна грамадзянскі кантроль ажыццяўлялі 10 назіральнікаў (з іх два замежныя), якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі пазначаныя належным чынам.
Ход масавага мерапрыемства
Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:
1. Да пачатку акцыі на падыходзе да месца яе правядзення былі заўважаны супрацоўнікі праваахоўных органаў у форме - 5 чалавек у пераходзе метро «Кастрычніцкая» і 2 - каля рэстарана Макдональдс. На самой плошчы знаходзілася не менш за 6 супрацоўнікаў АМАПа, 4 супрацоўнікі міліцыі і 10 супрацоўнікаў органаў аховы правапарадку, у тым ліку кіраўніцтва - у цывільным адзенні. На прылеглых вуліцах, а таксама па баках Палаца Рэспублікі стаяла вялікая колькасць спецтэхнікі - 8 грузавікоў на вуліцы Энгельса з боку м. Купалаўская, 1 аўтазак каля Палаца Рэспублікі з боку вуліцы Энгельса, 1 сіні фургон і 1 легкавая машына з боку Палаца Прафсаюзаў, таксама назіральнікі адзначылі іншы спецтранспарт на больш аддаленых вуліцах.
2. Пры з'яўленні назіральнікаў у камізэльках і з бэйджамі на Кастрычніцкай плошчы да адной з груп падыйшлі супрацоўнік АМАПу і супрацоўнік міліцыі, якія адмовіліся прадставіцца, папрасілі патлумачыць мэту знаходжання на плошчы, назваць арганізацыю і прад'явіць дакументы. Пасля супрацоўнікі праваахоўных органаў двойчы звярталіся да назіральнікаў з просьбай пакінуць месца правядзення мерапрыемства.
3. Па паведамленнях у сацыяльных сетках, першыя затрыманні здарыліся яшчэ да пачатку акцыі: 4 студэнтаў затрымалі на станцыі метро «Кастрычніцкая». Першапачаткова на Кастрычніцкай плошчы ў раёне помніка "Нулявы кіламетр" знаходзілася да 30 прадстаўнікоў СМІ. Да 12:10 на плошчы сабралася некалькі дзясяткаў удзельнікаў (да 40 чалавек). Супрацоўнікі міліцыі ў цывільнай вопратцы ўсталі ўздоўж праспекта, а 10 супрацоўнікаў у форме з надпісам "АМАП" перамяшчаліся сярод удзельнікаў і прапаноўвалі пакінуць тэрыторыю бацькам з дзецьмі і журналістам.
Пасля да натоўпу падыйшлі 2 супрацоўнікі міліцыі ў шэрай форме і пры дапамозе гукаўзмацняльнай тэхнікі запатрабавалі ад удзельнікаў разыйсціся, а ад прадстаўнікоў СМІ - адыйсці на бяспечную адлегласць з пагрозай затрымання, прымянення фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў. Затым на плошчу пад'ехалі 2 аўтазакі, у першы з якіх змясцілі 7 затрыманых, у тым ліку праваабаронцу Таццяну Рэвяка, якая здымала на тэлефон затрыманні ўдзельнікаў. Пасля ад'езду аўтазакаў з натоўпу выхапілі 2 удзельнікаў па чарзе, першага адвялі да сіняга фургона перад Палацам Рэспублікі, бліжэй да Палаца Прафсаюзаў, другога правялі далей да транспарту за Палацам Рэспублікі.
Пасля ўдзельнікі, адціснутыя супрацоўнікамі АМАПу, перайшлі вуліцу Энгельса і рушылі па праспекце Незалежнасці ўздоўж ўніверсама «Цэнтральны» і да падземнага пераходу. Супрацоўнікі праваахоўных органаў для затрымання дзяўчыны накіраваліся за ёй у двары з боку вуліцы Энгельса. Уваход у метро «Кастрычніцкая» перакрывалі іншыя супрацоўнікі АМАПу, якія паведамілі, што метро зачынена.
Каля 12:25 удзельнікі накіраваліся назад да Кастрычніцкай плошчы, дзе прабылі да моманту, калі на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Энгельса спыніўся аўтазак, куды пагрузілі 2 чалавек. Пасля ад'езду асноўная маса ўдзельнікаў зноў апынулася на баку ўніверсама «Цэнтральны», туды ж з боку плошчы падышлі тры супрацоўнікі Інфармацыйнай службы ГУУС, якія папрасілі журналістаў адысці ў бок. Да 12:45 затрымалі яшчэ 3 чалавек. Удзельнікі перамясціліся да ўніверсама, унутры ўніверсама супрацоўнікі даглядалі сумкі у людзей. Усяго назіральнікамі было зафіксавана 20 затрыманняў.
4. Інфармацыйная група ГУУС Мінгарвыканкама адмовілася размаўляць з прадстаўніком ад назіральнікаў.
5. Прычыны затрымання не тлумачыліся. Частку затрыманых вялі ў машыны з ужываннем сілы, частка перамяшчалася самастойна.
Рэкамендацыі
Супрацоўнікам праваахоўных органаў:
- Спыніць практыку адвольных затрыманняў і пераследу ўдзельнікаў мірных дэманстрацый, паколькі гэта супярэчыць добраахвотна ўзятым абавязкам Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека;
- Ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі або нагруднымі знакамі);
- Інфармацыйнай групе ГУУС Мінгарвыканкама кантактаваць не толькі з прадстаўнікамі СМІ, але і з назіральнікамі.
Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:
Ініцыяваць змены ў заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.
[1] На думку Працоўнай групы ААН па адвольных затрыманнях, пазбаўленне волі з'яўляецца адвольным, калі справа падпадае пад адну з наступных трох катэгорый:
A) пазбаўленне волі відавочна не мае пад сабой якой-небудзь прававой асновы (катэгорыя I);
B) пазбаўленне волі абумоўлена ажыццяўленнем правоў або свабод, гарантаваных артыкуламі 7, 13, 14, 18, 19, 20 і 21 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і ў той меры, у якой гэтай тычыцца дзяржаў-удзельніц, артыкуламі 12, 18, 19, 21, 22, 25, 26 і 27 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (катэгорыя II);
C) поўнае або частковае невыкананне міжнародных нормаў у дачыненні да права на справядлівае судовае разбіральніцтва, замацаваных ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і адпаведных міжнародна-прававых дакументах, прынятых адпаведнымі дзяржавамі, з'яўляецца настолькі сур'ёзным, што яно надае пазбаўленню волі адвольны характар (катэгорыя III).