Затрыманні актывістаў у Лідзе Дапоўнена
Праваабаронцы “Гарадзенскай вясны” паведамляюць пра затрыманні грамадскіх актывістаў Валерыя Мiнца і Вітольда Ашурка.
Грамадскі актывіст Валерый Мінец быў затрыманы ўвечары 21 сакавіка супрацоўнікамі Лідскай ДАІ і дастаўлены ў РАУС. Верагодна, пераследуецца за ўдзел у "Маршы абураных беларусаў" у Мінску 17 лютага.
22 сакавіка стала вядома пра затрыманне грамадскага актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка. Як паведамляла “Гарадзенская вясна”, яго позвай на 21 сакавіка выклікалі ў Лідскі РАУС з нагоды ўдзелу ў мінскім “Маршы абураных беларусаў” 17 лютага ў Мінску. Аднак актывіст вырашыў не ісці ў міліцыю, паколькі, паводле яго слоў, позва за масавае мерапрыемства месячнай даўніны – спроба пакараць яго адміністрацыйным арыштам напярэдадні Дня Волі.
Адміністрацыйныя справы Валерыя Мінца і Вітольда Ашурка будуць разглядацца сёння ў судзе Лідскага раёна. Праваабаронцы мяркуюць, што іх вінавацяць у паўторным удзеле цягам года ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, паколькі раней абодва падвяргаліся адміністрацыйнаму пераследу за ўдзел у акцыі ў Свіслачы.