viasna on patreon

Прадстаўніца Фонда дамоў правоў чалавека распавяла ў ААН пра пераслед “сацыяльных утрыманцаў” у Беларусі

2017 2017-03-16T14:32:48+0300 2017-03-16T15:45:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/human_-rights_house_network-un.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

15 сакавіка ў Жэневе на паседжанні ў межах 34-й сесіі Савета па правах чалавека ААН Лея Мэндр-Шатран, юрыст па пытаннях міжнароднага адвакатавання Фонда Дамоў правоў чалавека, заклікала беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць асобаў, асуджаных да адміністрацыйнага арышту ў выніку пратэстаў, і ўстрымацца ад вынясення новых прысудаў.

Тэкст прамовы пададзены ў перакладзе з англійскай мовы ПЦ “Вясна”.

Лея Мэндр-Шатран, Фонд дамоў правоў чалавека

Выступоўца: Лея Мэндр-Шатран, юрыст па пытаннях міжнародных адвакацыйных кампаній,
Фонд дамоў правоў чалавека[1]

Дзякую, спадар Старшыня,

Беларускія ўлады ўвялі падатак на тых, каго яны лічаць «сацыяльнымі ўтрыманцамі». Нядзіўна, што на працягу апошніх некалькіх тыдняў людзі выходзяць на вуліцы, каб выказаць свой пратэст супраць гэтага закона. Замест таго, каб выслухаць патрабаванні з вуліц, у апошнія некалькі дзён беларускія ўлады распачалі рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў і арыштавалі некалькі дзесяткаў чалавек.

5 красавіка 2015 года набыў законную сілу Дэкрэт № 3 Прэзідэнта “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, які ўвёў падатак на так званых “сацыяльных утрыманцаў”, якія мусяць аплаціць збор памерам 250 даляраў, калі яны працавалі менш чым паўгода і не былі зарэгістраваныя ў службе занятасці. Пачынаючы з лютага 2017 года, сотні людзей узялі ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць Дэкрэта ў розных гарадах Беларусі. Падобных пратэстаў не было з часу масавых акцый пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года. У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, дэманстрацыі былі незаконнымі, што само па сабе з’яўляецца парушэннем абавязальніцтваў Беларусі ў межах міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, але да нядаўняга яны часу не спыняліся ўладамі.  

Супрацоўнікі міліцыі не ўмешваліся ў хаду акцыі, калі больш за 1 000 дэманстрантаў прайшлі маршам 10 сакавіка 2017 года ў Маладзечне, дзе пратэстоўцы скандавалі “Жыве Беларусь!” і “Улада народу!”

Толькі пасля заканчэння акцыі людзі, якія, як мяркуецца, былі супрацоўнікамі праваахоўных органаў, гвалтоўна затрымалі некалькіх актывістаў, у тым ліку апазіцыйных палітыкаў Анатоля Лябедзьку, Юрася Губарэвіча, Вольгу Кавалькову і Віталя Рымашэўскага.

У выніку гэтай дэманстрацыі, 9 сакавіка 2017 года прэзідэнт Лукашэнка прыпыніў аплату збору да канца года. Ён таксама запэўніў, што супраць арганізатараў пратэстаў будзе выкарыстана “жорсткая рэакцыя”, і даручыў міністру ўнутраных справаў забяспечыць “ідэальны парадак” у краіне:

  • Па стане на 14 сакавіка, больш за 100 чалавек былі затрыманыя ў сувязі з дэманстрацыямі, у тым ліку актывісты апазіцыі, праваабаронцы і журналісты;
  • 11 сакавіка Маладзечанскі раённы суд прысудзіў некалькі асобаў, затрыманых пасля акцыі 10 сакавіка, у тым ліку Анатоля Лябедзьку і Віталя Рымашэўскага, да арыштаў тэрмінам ад 7 да 15 сутак. Абодва палітыкі атрымалі па 15 сутак пазбаўлення волі;
  • Па даных Беларускай асацыяцыі журналістаў, былі затрыманыя 18 журналістаў і блогераў, якія асвятлялі акцыі ў розных гарадах Беларусі. 13 сакавіка двое з затрыманых журналістаў, Галіна Абакунчык і Кацярына Бахвалава, былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці;
  • Праваабарончы цэнтр “Вясна” фіксуе адвольныя затрыманні актывістаў грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікоў апазіцыі. Юрыст ПЦ “Вясна” Леанід Судаленка, а таксама рэгіянальны прадстаўнік “Вясны” Анатоль Паплаўны, былі выкліканы ў суд. Суды над імі павінны адбыца 17 сакавіка.

Сп. Старшыня, 

У верасні 2016 г. Спецыяльны дакладчык па Беларусі падкрэсліў “захаванне сістэмы кароткатэрміновых арыштаў і затрыманняў, якія ўжываюцца на вельмі спрэчных падставах супраць палітычных апанентаў і актывістаў як сродак пераследу і запалохвання”.

Праз шэсць месяцаў пасля гэтага сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася. Захоўваецца абмежавальнае заканадаўства, якое дазваляе ўладам у любы момант арыштоўваць нязгодных, праваабаронцаў, журналістаў, актывістаў, а таксама іншых асобаў. Кожны чалавек мусіць мець магчымасць рэалізаваць сваё права на мірныя сходы, а не спадзявацца на адвольны дазвол або падаўленне такіх сходаў уладамі.

Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць асобаў, асуджаных да адміністрацыйнага арышту ў выніку пратэстаў, і ўстрымацца ад вынясення новых прысудаў, у тым ліку шляхам спынення ўсіх фактаў судовага пераследу ўдзельнікаў пратэстаў.

Мы таксама заклікаем Беларусь прывесці сваё заканадаўства і практыку ў адпаведнасці з абавязальніцтвамі краіны ў дачыненні да права на свабоду мірных сходаў, у тым ліку паважаць права журналістаў на асвятленне такіх дэманстрацый.

Беларусь таксама павінна спыніць выкарыстанне прэзідэнцкіх дэкрэтаў у якасці сродку кіравання дзяржавай[2] і адмяніць заканадаўства аб “сацыяльных утрыманцаў”, якое ўяўляе сабой парушэнне чалавечай годнасці і “адвольную і жорсткую меру”, як выказаўся Спецыяльны дакладчык Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці.


[1] Заява падпісана наступнымі НДА: Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава (ад імя наступных НДА): Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Мінскае гарадское грамадскае аб`яднанне «Цэнтр Супольнасць», Прававая ініцыятыва, Праваабарончы цэнтр «Вясна», Belarus Watch і Беларускі Хельсінкскі камітэт; а таксама Асамблея НДА.

[2] “Сістэмны характар масавых парушэнняў правоў чалавека і адказнасці за гэтыя парушэнні палягае ў цэнтралізацыі заканадаўчай і выканаўчай улады ў асобе прэзідэнта. Дэкрэты прэзідэнта выкарыстоўваюцца ў якасці асноўнага, а па сутнасці, навышэйшага заканадаўчага механізму ў краіне”. Даклад Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ў Савеце па правах чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, 18 траўня 2013 года. (UN Doc: A/HRC/23/52), пп. 35 і 36

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства