Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя Аўдыё
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 7:00) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” - праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Анонс выпуска:
“Каментар”: Актывістка прафсаюзу РЭП, мінчанка Галіна Лагацкая 1 сакавіка патрапіла на прыём да намесніка начальніка Маскоўскага РУУСа Мінска Мікалая Рудскага. Перад гэтым на жанчыну быў складзены пратакол апытання за ўдзел у акцыі 17 лютага. Актывістка РЭП вырашыла паразмаўляць з супрацоўнікамі міліцыі наконт адміністрацыйнага пераследу, але неўзабаве стала ахвярай гвалтоўных дзеянняў.
“Падзея”: Мінулы тыдзень адзначыўся шэрагам новых акцый пратэсту супраць Дэкрэту №3. “Маршы недармаедаў” прайшлі ў Маладэчне, Оршы, Рагачове і Брэсце. І ў першых двух гарадах скончыліся затрыманнямі палітыкаў, актывістаў і журналістаў. Назіральнікі ініцыятывы "Вясны" Controlby распавядаюць пра тое, чым адрозніваліся гэтыя акцыі ад папярэдніх, а праваабаронцы ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч дзеліцца меркаваннямі наконт таго, як будуць далей разгортвацца падзеі.
“Каментар эксперта”: На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка падчас абмеркавання пратэстаў, якія ўспыхнулі па ўсёй краіне, прапанаваў чыноўнікам выдзеліць у гарадах спецыяльныя месцы, на якіх людзі маглі б выказваць сваё меркаванне. Але справа ў тым, што такія месцы ў гарадах ужо існуюць. Што гэта за месцы, напрыклад, у Брэсце і Гародні? Распавядаюць мясцовыя праваабаронцы Уладзімір Вялічкін і Віктар Сазонаў.