Гарадзенскія улады забаранілі правядзенне “Марша недармаедаў”
Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт адмовіў у правядзенне масавага мерапрыемства 19 лютага 2017 года ў выглядзе дэманстрацыі “Марш недармаедаў”.
Як піша “Гарадзенская Вясна", у афіцыйным адказе за подпісам намесніка старшыні Зоі Кулешы гаворыцца: “У адпаведнасці з артыкулам 9 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1997 года №114-3 “Аб масавых мерапрыемствах мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” пунктам 2 рашэння Гродзенскага выканаўчага камітэта ад 19.10.2011 года № 540 “Аб азначэнні месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе Гродна”, на плошчы Савецкай – вуліцы Савецкай – плошчы Леніна правядзенне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца”.
Каментуючы гэтае рашэнне гарвыканкама, старшыня Гарадзенскай арганізацыі партыі АГП Андрэй Ярмоленка сказаў:
“Ужо больш 15 гадоў гарадзенскія улады адмаўляюць нашым гараджанам ў праве на мірны пратэст, хоць права на правядзенне мітынгаў, шэсцяў і пікетаў гарантавана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. На сённяшні дзень нашымі актывістамі сабрана больш за тры тысячы подпісаў супраць прэзідэнцкага дэкрэта №3. Людзі абураны дзеяннямі улады і выступаюць за адмену, гэтага антыканстытуцыйнага дакуманта, а улада, у сваю чаргу, робіць выгляд, што усё добра і прыкрываецца адміністрацыйным рэсурсам і рознымі дакумантамі якія сама для сябе напісала. Назіраецца цікавая рэч: улада ў цэнтры горада праводзіць масавыя мерапрыемствы якія пажадае і калі пажадае. На іх закон аб масавых мерапрыемствах не дзейнічае. Ім можна, нам нельга”.
Нагадаем, што 24 студзеня прадстаўнікі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі і незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) падалі заяўку на правядзенне 19 лютага 2017 масавага мерапрыемства ў выглядзе дэманстрацыі – “Марш недармаедаў”, скіраванай супраць антыканстытуцыйнага прэзідэнцкага Дэкрэта №3 пра так званых дармаедаў.