viasna on patreon

Андрэя Бандарэнку на гэтым тыдні чакае судовы канвеер

2017 2017-02-07T11:34:00+0300 2017-02-07T11:45:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bandarenka-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

Сапраўдны “судны тыдзень” чакае  асуджанага  кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн» Андрэя Бандарэнку: тры суды цягам двух дзён.

Заўтра, 8 лютага, Магілёўскі абласны суд разгледзіць касацыйную скаргу былога кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн» Андрэя Бандарэнкі на спагнанне (вымову), вынесенае яму 6 кастрычніка. Бандарэнка, які адбывае пакаранне ў турме №4 г. Магілёва, затрымаўся з дакладам, калі ў ягоную камеру ўвайшоў супрацоўнік турмы – гэта было расцэнена як адсутнасць дакладу. У гэтае спагнанне было ўключана яшчэ адно “парушэнне” – некалькі канвертаў (іх у зняволенні клеіць А. Бандарэнка) падаліся кантралёрам няякасна склеенымі. Праваабаронца абскардзіў спагнанне ў судзе, але 19 снежня 2016 года суд Ленінскага раёна Магілёва пакінуў скаргу без задавальнення. Менавіта гэтае спагнанне лягло ў аснову распачатай крымінальнай справы супраць праваабаронцы.

Яшчэ адзін разгляд па іншай скарзе Андрэя Бандарэнкі адбудзецца ў гэты ж дзень, у другой палове дня, у 14.40 у судзе Ленінскага раёна Магілёва. Праваабаронца аспрэчвае чарговае дысцыплінарнае спагнанне, якое было накладзена 11 студзеня нібыта за тое, што ён не трымаў рукі за спіной. У выніку спагнання асуджаны быў пазбаўлены чарговага кароткатэрміновага спаткання, якое ў лютым планавалася з ягоным бацькам. Гэта было адзінае дазволенае Андрэю Бандарэнку спатканне на год. 

А 9  лютага ў судзе Ленінскага раёна Магілёва адбудзецца папярэдняе паседжанне па крымінальнай справе Андрэя Бандарэнкі, які абвінавачваецца ў парушэнні арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Справа была ўзбуджана Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта па ініцыятыве адміністрацыі турмы, у аснову абвінавачвання пакладзеныя тры парушэнні, па якіх Андрэю Бандарэнку былі вынесеныя дысцыплінарныя спагнанні.


Андрэй Бандарэнка – былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Усяго на Андрэя Бандарэнку накладзена больш за дзесятак спагнанняў у розных месцах пазбаўлення волі, дзе ён адбываў тэрмін. З-за гэтага былы кіраўнік праваабарончай «Платформы Іннавэйшн» прызнаны злосным парушальнікам рэжыму. Цяперашні яго тэрмін зняволення заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.

У выпадку асуджэння А. Бандарэнкі па ч.2 арт. 411 КК РБ праваабаронцы будуць гатовыя прызнаць яго палітычным зняволеным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства