Суддзю хапіла 4 хвіліны, каб разгледзець скаргу
1 лютага 2017 года ў Брэсцкім абласным судзе адбыўся разгляд справы па касацыйнай скарзе грамадскага актывіста Яўгена Скрабутана на пастанову суда Ленінскага раёна г. Брэста ад 29 снежня 2016 года.
“Берасцейская Вясна” нагадвае, 30 кастрычніка 2016 года грамадзкія актывісты з розных куткоў Беларусі па традыцыі прыехалі ў мястэчка Свіслач, каб ушанаваць памяць паўстанцаў 1863 года. Пазней на падставе міліцэйскіх пратаколаў удзельнікаў “Свіслацкага Фэсту” беларускія суды пачалі караць штрафамі.
29 снежня 2016 года Яўген Скрабутан таксама быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці адпаведна ч.1 арт. 23.34 КаАП РБ. Суд пакараў яго штрафам ў памеры 5 базавых велічынь – 105 (сто пяць) рублёў нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Грамадзкі актывіст лічыць, што пастанова суда першай інстанцыі незаконная, неабгрунтаваная і падлягае адмене, паколькі “…суд не змог устанавіць факт правядзення масавага мерапрыемства і абсалютна адвольна і непісьменна трактаваў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. Між іншым у суд не быў выкліканы і заслуханы сведка з боку міліцыі Пясняк.
Суддзя Саўчук, зачытаўшы сутнасць скаргі, без перапынку абвесціў, што ў пастанове суда Ленінскага раёна г. Брэста абставіны справы раскрыты поўна, дзеянням дадзеная належная ацэнка... І прыняў пастанову: «Пастанову суда Ленінскага раёна г. Брэста ад 29.12.2016 года пакінць без зменаў, а скаргу без задавальнення».
Разгляд усёй справы заняў усяго толькі 4 хвіліны.