Жанна Пцічкіна: Бесчалавечнае абыходжанне з маім сынам у СІЗА-1 засталося беспакараным
Маці Ігара Пцічкіна, які загінуў у мінскім СІЗА №1, звярнулася ў Мінскі гарадскі суд з нагляднай скаргай, у якой просіць перагледзець вырак для фельчара СІЗА Аляксандра Крылова, прызнанага вінаватым у смерці арыштанта, паколькі лічыць вырак занадта мяккім.
21 кастрычніка суд Маскоўскага раёна прысудзіў фельчара Аляксандра Крылова да трох гадоў пазбаўлення волі, а таксама пазбавіў права займаць пасады ў медыцынскіх установах і ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы, звязаных з выкананнем абавязкаў сярэдняга медыцынскага персанала тэрмінам на 5 год. Аднак у апеляцыйным парадку судовай калегіяй па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда вырак быў зменены і пакаранне фельчару зменшана да двух гадоў і десяці месяцаў.
Жанна Пцічкіна не згодная з такім рашэнне і лічыць вырак занадта мяккім. Яна звяртае ўвагу суда на той факт, што арт. 64 Крымінальнага кодэкса ўтрымлівае абставіны, якія абцяжарваюць адказнасць, сярод якіх і здзяйсненне злачынства ў адносінах да заведама малалетняга, састарэлага або асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане. Аднак, суд не прыняў гэта да ўвагі належным чынам.
“У адсутнасць бездапаможнага стану Ігар мог бы прадпрыняць якія-небудь дадатковыя меры самазахавання: звярнуцца да вышэйстаячага кіраўніцтва СІЗА, аказаць правамерны супраціў адвольнаму прымяненню абмяжоўваючых мер, дамагацца выкліку хуткай медыцынскай дапамогі”, - піша ў скарзе маці загінулага ў СІЗА.
Акрамя таго, Жанна Пцічкіна лічыць, што абцяжарваючымі віну Аляксандра Крылова абставінамі з’явіліся і здзяйсненне злачынства з асаблівай жорсткасцю ці здзекамі, а таксама здзяйсненне злачынства ў адносінах да асобы, якая знаходзіцца ў матэрыяльнай, службовай або іншай залежнасці ад вінаватага.
Так, асаблівая жорсткаць праявілася ў форме здзяйсненне тых дзеянняў, у якіх, па меркаванню асуджанага фельчага заключалася аказанне медыцынскай дапамогі загінуламу Ігару Пцічкіну: пакіданне без вады і харчавання, а таксама ў нерухомасці балючымі метадамі на працяглы тэрмін.
Аднак, суд не надаў належнай ацэнкі тым метадам, якімі Аляксандр Крылоў лячыў загінулага, і такім чынам прыраўняў здзяйсненне неасцярожнага злачынства, якое загадзя для асуджанага суправаджалася пакутамі і фізічным болем, да простай медыцынскай памылкі, калі пакаранню падлягаюць толькі непрафесійныя дзеянні як тыя, што пацягнулі цяжкія наступствы.
“Гэта азначае, што забароненае прынятымі на сябе міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі, у тым ліку Канвенцыяй супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, жорсткае, бесчалавечнае, прыніжаючае абыходжанне з маім зняволеным сынам засталося беспакараным”, - падкрэслівае Жанна Пцічкіна.
Між іншым, суд устанавіў, што фельчар парушыў прысягу радавога і начальніцкага складу МУС, і ўлічыў гэта як абцяжарваючую віну акалічнасць. Маці загінулага лічыць, што пры такіх абставінах неабходна было прымяніць дадатковае пакаранне - пазбаўленне спецыяльнага звання.
Жанна Пцічкіна просіць Мінскі гарадскі суд прынесці пратэст на прысуд суда Маскоўскага раёна г.Мінска ад 21 кастрычніка 2016 года на прадмет неадпаведнасці прызначанага пакарання цяжкасці злачынства і асобы абвінавачанага па прычыне мяккасці і на апеляцыйнае вызначэнне судовай калегіі па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда ад 25 лістапада 2016 года ў частцы змянення прысуду суда і скарачэнне тэрміну пакарання, а таксама накіраваць крымінальную справу на новы апеляцыйны разгляд.
Акрамя таго, Жанна Пцічкіна і сястра загінулага Ірына Пцічкіна накіравалі ў суд Заводскага раёна г. Мінска позвы аб кампенсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды.
Нагадаем, жыхар Мінска Ігар Пцічкін памёр 4 жніўня 2013 года ў камеры медчасткі ўстановы, дзе да яго былі ўжытыя «меры фізічнага стрымлівання ў выглядзе фіксацыі рамянямі». У такім стане Пцічкін знаходзіўся больш за 20 гадзін да моманту смерці.
Тры гады спатрэбілася ягонай маці Жанне Пцічкінай, каб з дапамогай праваабаронцаў “Вясны” дамагчыся ўзбуджэння крымінальнай справы за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў фельчарам медчасткі СІЗА, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента.