viasna on patreon

Навагодняе затрыманне ў Мінску

2017 2017-01-11T19:14:23+0300 2017-01-12T11:24:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanne-mf-2016-12-31.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Затрыманне маладафронтаўцаў у навагоднюю ноч у Мінску. Фота з форуму onliner.by

Затрыманне маладафронтаўцаў у навагоднюю ноч у Мінску. Фота з форуму onliner.by

11 студзеня  на onliner.by з’явіўся матэрыял і фота пра затрыманне двух юнакоў на праспекце Незалежнасці ў навагоднюю ноч, 31 снежня. Па каментар карэспандэнт інфармацыйнага парталу звярнуўся ў ГУУС Мінгарвыканкама. Там не адмаўляюць, што на фота трапіў момант затрымання.

- Па зразумелых меркаваннях мы не можам агучыць падрабязнасці: хто і з якой прычыны праводзіў затрыманне, - паведаміў афіцыйны прадстаўнік ГУУС Аляксандр Ластоўскі.

Па інфармацыі, якая стала вядомая праваабаронцам “Вясны”, затрыманыя – актывісты “Маладога фронта” Павел Пракаповіч і Арцём Леўчанка.

Пасля жорсткага затрымання ў 23-20, непасрэдна ў аўтамабілі таксі, які актывісты паспелі выклікаць, іх даставілі ў Першамайскі РАУС, дзе пратрымалі да 04.30, пакуль не атрымалі загаду, што святочныя “гулянія” скончыліся і іх можна адпускаць з пастарунка.

Тым не меней супрацоўнікі міліцыі склалі пратаколы адміністрацыйных правапарушэнняў па артыкулах  17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобе).

Нагадаем, падставай для затрымання стаў намер актывістаў "Маладога фронту" сустрэць Новы год на Кастрычніцкай плошчы пад бел-чырвона-белымі сцягамі, пра што яны абвясцілі напярэдадні. Адзін з лідэраў арганізацыі Зміцер Дашкевіч быў затрыманы прыкладна ў 23.30 на скрыжаванні вуліц Чарнышэўскага і Якуба Коласа.

Павел Пракаповіч і Арцём Леўчанка збіраюцца абскардзіць сваё незаконнае, на іх думку, затрыманне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства