Павел Пракаповіч аштрафаваны на 1150 рублёў за акцыю ў падтрымку Белсата
Суддзя суда Ленінскага раёна Мінска Святлана Мятлянок прысудзіла каардынатару БХД па Мінскай вобласці Паўлу Пракаповічу выплаціць штраф у памеры 50 базавых велічынь (1150 рублёў) за ўдзел у акцыі “Выключыць НТВ, уключыць Белсат” 20 снежня. Пра гэта паведамляе прэсавая служба БХД.
- Гляджу «Белсат» вельмі часта, праз інтэрнэт. Вельмі люблю выпускі навінаў, “Аб’ектыў”, “Гарачы каментар”, “Маю права”, “Размовы эксперта”, “Людскія справы”. Пасля заяваў кіраўніцтва Польшчы аб намерах скараціць фінансаванне тэлеканала, мы, гледачы “Белсата”, некалькі тыдняў жылі ў новай рэальнасці. Цяпер уздыхнулі з палёгкай. Так хочацца верыць у Польшчу, веліч якой у непахіснасці ідэалаў дэмакратычных каштоўнасцяў, салідарнасці, у імкненні будаваць моцную Еўропу, у тым ліку разам з Беларуссю”, - адзначыў актывіст.
“Незалежныя СМІ, ў прыватнасці тэлеканал “Белсат”, жыццёва неабходныя для Беларусі. Трэба рабіць усё, каб іх уплыў у Беларусі павялічваўся. У інфармацыйнай прасторы Беларусі прарасейскія СМІ, на жаль, дамінуюць. Акрамя “Белсата”, які вымушаны трансляваць з Польшчы, мы не маем ніводнага незалежнага тэлеканала. Больш за тое, ніводнага тэлеканала братняй для беларусаў Украіны, хай бы і з частковым рэгіянальным замяшчэннем, у сацыяльным пакеце тэлеканалаў таксама няма. Чаму аб вайне на тэрыторыі Украіны беларусы вымушаны даведвацца з інфармацыйных выпускаў краіны-агрэсара? У інфармацыйнай прасторы Беларусі вайна ўжо вядзецца, і беларусы церпяць вялікія страты. Абароненая інфармацыйная прастора – важная ўмова незалежнасці”, - дадаў Павел Пракаповіч.
Раней за ўдзел у акцыі “Выключыць НТВ, уключыць Белсат” былі аштрафаваныя старшыня АГП Анатоль Лябедзька і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Павел Севярынец.