Пракуратура ў апошні дзень апратэставала прысуд Марыі Рымар Дапоўнена
21 кастрычніка, у апошні з магчымых дзён, транспартная пракуратура Мінска апратэставала прысуд расійскай актывістцы Марыі Рымар, і ён не ўступіў у законную сілу.
Прычына, па якой пракуратура выказала пратэст, - судовая памылка. У рэзалюцыйнай частцы прысуду суд пастанавіў вярнуць заклад залогадавальніку Рымар М. У., у той час як заклад за вызваленне Рымар у ліпені гэтага года ўносіў іншы чалавек. Такім чынам, суд парушыў патрабаванні ч. 5 арт. 124 КПК, якая прадугледжвае вяртанне закладу залогадавальніку.
12 кастрычніка суд Кастрычніцкага раёну Мінска прызнаў Марыю Рымар вінаватай у парушэнні часткі 1 артыкула 340 Крымінальнага кодэкса «Заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы» падчас інцыдэнту, які адбыўся паміж ёй і супрацоўнікамі аэрапорта Мінска 7 ліпеня гэтага года. Расіянцы было прызначына пакаранне ў выглядзе 100 базавых велічынь, што складае амаль 1 100 USD.
Трэба адзначыць, што разгляд справы па пратэсту можа цягнуцца да паўгода. Увесь гэты час Марыя Рымар павінна заставацца ў Беларусі, бо за ёй захоўваецца статус невыяздной. Таксама не адменены арышт яе маёмасці, нягледзячы на тое, што расіянка ўжо выплаціла суму штрафу ў поўным аб’ёме.
“25 кастрычніка я павінна была вярнуцца на радзіму, але з-за апеляцыйнага пратэсту я вымушаная была здаць квіткі. Мае дзеці не бачылі мяне чатыры месяцы, і я думала, што вярнуся дадому як раз да вакацый маёй дачкі-школьніцы і да майго дня народзінаў. Але беларускі суд значна пашырыў мае ўяўленні пра межы магчымага, і таму я ўжо не бяруся прагназаваць, калі я змагу ўбачыць сваіх родных”, - кажа Марыя Рымар.
Грамадзянка Расіі Марыя Рымар была затрыманая 7 ліпеня гэтага года ў аэрапорце Мінска па абвінавачванні па ч. 1 арт. 340 КК РБ ("Заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы"). З 8 па 18 ліпеня ўтрымлівалася ў ІЧУ Мінгарвыканкама на вуліцы Акрэсціна ў Мінску, затым была пераведзена ў СІЗА №1 на вуліцу Валадарскага, адкуль яе этапавалі ў СІЗА ў Жодзіна. 18 ліпеня была адпушчаная пад заклад.