viasna on patreon

Марыя Рымар: «З улікам беларускіх рэалій, мне варта радавацца»

2016 2016-10-12T17:09:45+0300 2016-10-12T17:13:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rymar-sud-12.10.16.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марыя Рымар у судзе 12 кастрычніка 2016

Марыя Рымар у судзе 12 кастрычніка 2016

12 кастрычніка суд Кастрычніцкага раёна Мінска вынес рашэнне па справе расійскай грамадзянкі Марыі Рымар: прызнаўшы яе вінаватай у парушэнні часткі 1 артыкула 340 Крымінальнага кодэкса «Заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы» падчас інцыдэнту, які адбыўся паміж ёй і супрацоўнікамі аэрапорта Мінска 7 ліпеня гэтага года, прызначыў пакаранне ў выглядзе 100 базавых велічынь, што складае амаль 1 100 USD. Марыя Рымар лічыць гэтае рашэнне неправасудным.

Пасля абвяшчэння рашэння суддзі Аляксандра Сяргея пра штраф Марыя Рымар пракаментавала яго для Праваабарончага цэнтра "Вясна".

«Улічваючы, што ў справе не было нават складу злачынства, любое рашэнне, акрамя поўнага апраўдання, можна расцэньваць як неправасуднае. Але з улікам беларускіх рэалій, як кажуць калегі, мне варта радавацца», - сказала яна.

Паколькі Марыя, якая па абавязку юрыдычнай прафесіі мае справу з расійскімі судамі, за час знаходжання ў Беларусі прайшла і праз адміністратыўны працэс, было цікава даведацца, якое ў яе склалася меркаванне наконт беларускай судовай сістэмы.

«Зыходзячы з трох месяцаў зносінаў з рознымі беларускімі інстанцыямі, я бачу, што судовая сістэма тут не вельмі працуе, вядома. Справы ў прысутнасці СМІ і неабыякавых грамадзянаў, якія прыходзяць падтрымаць, вядуцца карэктна, у цэлым парадак і бачнасць законнасці выконваецца, але на правасуднасць рашэння гэта ніяк не ўплывае. То бок, ні пра якую аб'ектыўнасць і паўнату казаць не даводзіцца», - падвяла рысу суразмоўца.

З нагоды магчымага абскарджання рашэння яна адзначыла, што ад касацыі яе ўтрымлівае толькі тое, што яна не можа больш заставацца ўдалечыні ад сям'і.

«На працягу першых дзесяці сутак магчыма касацыйнае абскарджанне, але яно прыпыняе ўступленне ў сілу рашэння. І ў гэтым выпадку я павінна буду застацца тут да разгляду скаргі ў касацыйнай інстанцыі, а гэта толькі момант прызначэння - праз пяць тыдняў, колькі яно будзе доўжыцца - невядома. Я не магу сабе дазволіць больш знаходзіцца тут, а не ў Расіі, у далечыні ад сваіх сваякоў і не бачачы дзяцей. Таму ёсць жаданне абскардзіць гэтае рашэнне, але мы пададзім адразу нагляд, хутчэй за ўсё, таму што гэта можна будзе весці з Расіі, без маральных пакутаў і матэрыяльных выдаткаў», - сказала Марыя.

Бо праз абраную следствам меру стрымання ўсе тры месяцы да суду яна не магла вярнуцца ў Расію, нягледзячы на ўсе яе хадайніцтвы хаця б аб часовым выездзе дадому.

Нагадаем, грамадзянка Расіі Марыя Рымар была затрыманая 7 ліпеня гэтага года ў аэрапорце Мінска па абвінавачванні па ч. 1 арт. 340 КК РБ ("Заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы"). З 8 па 18 ліпеня ўтрымлівалася ў ІЧУ Мінгарвыканкама на вуліцы Акрэсціна ў Мінску, затым была пераведзена ў СІЗА №1 на вуліцу Валадарскага, адкуль яе этапавалі ў СІЗА ў Жодзіна. 18 ліпеня была адпушчаная пад заклад.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства