viasna on patreon

Конкурс на падтрымку супольнай дзейнасці па абароне грамадскіх інтарэсаў і правоў чалавека

2016 2016-10-18T10:08:02+0300 2016-10-18T10:11:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hrh-belarus-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава сумесна з партнёрскімі арганізацыямі абвяшчае конкурс на падтрымку сумеснай дзейнасці, накіраванай на абарону грамадскіх інтарэсаў на мясцовым, рэгіянальным або нацыянальным узроўні; абарону правоў чалавека, у тым ліку грамадзянскіх, палітычных, сацыяльных, эканамічных, культурных і іншых правоў, а таксама на садзейнічанне магчымасці ўразлівых груп карыстацца сваiмі правамі.

Асноўнай мэтай конкурсу з'яўляецца ўзмацненне патэнцыялу мясцовых НДА, ініцыятыў (у тым ліку – праваабарончых) і/ці асобных грамадскіх актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў для спрыяння станоўчым доўгатэрміновым і ўстойлівым зменам у сітуацыі з правамі чалавека і працэсам удзелу ў прыняцці рашэнняў у краіне.

Удзел у конкурсе могуць прымаць зарэгістраваныя або незарэгістраваныя беларускія НДА і ініцыятывы. Прыярытэтнымі з’яўляюцца праекты, якія будуць рэалізоўвацца дзвюма ці болей НДА і/ці ініцыятывамі, якія працуюць у Беларусі.

Прыярытэтнымі з'яўляюцца заяўкі, пададзеныя рэгіянальнымі або мясцовымі арганізацыямі ці ініцыятывамі. Асабліва вітаецца ўдзел актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў, якія падвяргаліся пераследу з боку ўладаў у сувязі з негвалтоўнай дзейнасцю ў абарону грамадскіх інтарэсаў і цяпер гатовыя да ўдзелу ў жыцці грамадзянскай супольнасці.

У рамках конкурса могуць быць падтрыманыя праекты, якія прадугледжваюць дзейнасць, накіраваную на абарону грамадскіх інтарэсаў на мясцовым, рэгіянальным або нацыянальным узроўні, у тым ліку:

  • ініцыятывы, накіраваныя на прасоўванне дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права праз вырашэнне такіх праблем, як дыскрымінацыя, сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, парушэнні правоў людзей з інваліднасцю, абарона праваабаронцаў, або праз павышэнне інфармаванасці насельніцтва ў цэлым аб праблемах, існуючых у грамадстве;

  • праекты, накіраваныя на павышэнне патэнцыялу грамадзянскай супольнасці Беларусі ў цэлым і арганізацый грамадзянскай супольнасці ў прыватнасці, у тым ліку на падтрыманне і развіццё здольнасці арганізацый і ініцыятыў дзейнічаць у абарону дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона на працягу доўгага перыяду рэпрэсій, і на развіццё беларускай грамадзянскай супольнасці ў цэлым.

Прыярытэтнымі для падтрымкі з'яўляюцца праекты, якія маюць на мэце атрымаць доўгатэрміновыя пазітыўныя вынікі ці ўносяць станоўчыя змены ў агульную сітуацыю з правамі чалавека ў краіне.

Не могуць прымаць удзел у конкурсе камерцыйныя і рэлігійныя арганізацыі, палітычныя партыі і палітычныя ініцыятывы.

Прапанаваная праектная дзейнасць павінна адпавядаць мэтам дадзенага конкурсу.

Тэрміны правядзення праекта: ад 6 да 12 месяцаў. Пачатак праекта з 15 сакавіка 2017 года.

Пры разглядзе заявак будуць улічвацца:

  • наяўнасць рэалістычнай і дасягальнай мэты міні-праекта;
  • устойлівасць дзейнасці пасля заканчэння фінансавання;
  • рэалістычнасць, абгрунтаванасць бюджэту;
  • прыцягненне мясцовых праваабарончых арганізацый;
  • наяўнасць сафінансавання ў памеры не менш за 5% ад бюджэту.

Сума фінансавання міні-праекта - ад 1 000 да 4 000 еўра. Сродкі, якія прадастаўляюцца на рэалізацыю міні-праектаў, не могуць выкарыстоўвацца:

  • на закупку рухомай або нерухомай маёмасці;
  • на ажыццяўленне дзейнасці, не звязанай з прадстаўленым на конкурс праектам;
  • на вядзенне камерцыйнай або палітычнай дзейнасці;
  • на аказанне гуманітарнай і/або сацыяльнай дапамогі асобным асобам;
  • на аплату лячэння, адукацыі, адпачынку.
  • на аплату непрадбачаных выдаткаў.

Аб'ём выдаткаў на заробкі найманых супрацоўнікаў не павінен перавышаць 30% бюджэту міні-праекта.

Фінансаванне можа прадастаўляцца як для новага, асобнага праекта, так і для часткі праекта, які ўжо ажыццяўляецца. Абавязковай умовай з'яўляецца наяўнасць сафінансавання з іншых крыніцаў у памеры не менш за 5% ад бюджэту праекта.

У конкурсную прапанову неабходна ўключыць наступную інфармацыю:

1) запоўненую па прапанаванай форме заяўку;
2) дэталёвы бюджэт па прапанаванай форме.

Будуць разгледжаныя толькі тыя заяўкі, якія адпавядаюць прыкладзенай форме i iншым умовам конкурсу.

Беларускі дом правоў чалавека імя Б.Звозскава плануе правядзенне семінара-трэнінгу «Распрацоўка праектных заявак і асноўныя аспекты праектнага менеджменту», у рамках якога ўдзельнікі змогуць азнаёміцца з правіламі дадзенага конкурсу міні-праектаў, абмеркаваць іх і атрымаць адказы на ўзніклыя пытанні; азнаёміцца з правіламі складання якаснай праектнай заяўкі, атрымаць растлумачэнне адносна важных дэталяў пры складанні праектнай заяўкі; набыць навыкі складання праектнай заяўкі, атрымаць каштоўныя каментары і парады з боку экспертаў.

Адбор удзельнікаў дадзенага семінара-трэнінгу будзе праходзіць на конкурснай аснове. Жадаючым прыняць удзел у трэнінгу неабходна запоўніць анкету па спасылцы не пазней за 6 лістапада 2016 года.

Конкурсную прапанову неабходна даслаць на электронную скрыню grants.belarus@humanrightshouse.org не пазней за 15 студзеня 2017 года з пазнакай "Заяўка на конкурс супольных праектаў".

Конкурсная прапанова можа быць пададзеная на беларускай або рускай мовах у электронным выглядзе.

Вынікі конкурсу будуць абвешчаныя да 15 лютага 2017 года.

З пераможцамі конкурсу будуць заключаныя грантавыя пагадненні да 15 сакавіка 2017 года. Пагадненнем будзе вызначаны парадак і тэрміны фінансавання, пры гэтым першы транш у пачатку рэалізацыі складзе 80%, другі транш пасля заканчэння праекта і справаздачнасці - 20%.

Калі Вам неабходная дапамога пры падрыхтоўцы праекта, тлумачэнне або ўдакладненне якой-небудзь інфармацыі, якая тычыцца мэтаў, задачаў і зместу конкурсу, Вы можаце атрымаць інфармацыю па адрасе: grants.belarus@humanrightshouse.org.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства