Суд па справе Пальчыса: дзень другі
Другі дзень закрытага судовага паседжання па крымінальнай справе блогера Эдуарда Пальчыса пачаўся з пікету салідарнасці каля будынку Мінскага гарадскога суда.
Актывісты трымалі бел-чырвона-белыя сцягі, партрэты Пальчыса, скандуючы “Свабоду Пальчысу” і “Эдзік Пальчыс маладзец, а імперыі — канец!” . Літаральна праз 5 хвілін супрацоўнікі міліцыі пачалі складаць пратаколы правапарушэнняў на ўдзельнікаў пікету. Людзі ў цывільнай вопратцы вялі відэаздымку. Акцыя доўжылася некалькі гадзін. За гэты час пратаколы былі складзеныя на дзесяць чалавек. Сярод іх - Павал Севярынец, Алесь Макаеў, Наталля Басалыга, Леанід Кулакоў, Вольга Нікалайчык, Зміцер Дашкевіч, Максім Вінярскі і Максім Кулак, які ўпершыню бярэ ўдзел у акцыі, пачытаўшы пра суд у інтэрнэце.
Жонка Эдуарда, Вікторыя Пальчыс, распавяла, што лозунгі пад будынкам суда добра чуваць у зале пасяджэнняў.
У судзе, верагодней за ўсё, сёння працягваецца судовае следства: выступае пакурор, апытваюцца сведкі і абвінавачаны. Больш інфармацыі пра суд, на жаль, пакуль няма.
У судзе абвешчаны перапынак да 10-00 18 кастрычніка.
Эдуард Пальчыс абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў па ч.1 арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы ці розні) і ч.2 арт. 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусі.
Суд над Эдуардам Пальчысам пачаўся 14 кастрычніка. Ён праходзіць у закрытым рэжыме.