viasna on patreon

Праваабаронцы “Вясны” прынялі ўдзел у выбарах кіраўніцтва FIDH

2016 2016-08-29T13:14:23+0300 2016-08-29T13:35:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/christopoulos-fidh2016.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзімітрыс Хрыстопулас (у цэнтры) на Маршы за правы чалавека ў Ёханэсбургу падчас 39 Кангрэса FIDH

Дзімітрыс Хрыстопулас (у цэнтры) на Маршы за правы чалавека ў Ёханэсбургу падчас 39 Кангрэса FIDH

Выбары Міжнароднага бюро FIDH сталі кульмінацыйным момантам 39-га Кангрэса FIDH, у якім бралі удзел кіраўнік ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі і юрыст арганізацыі Валянцін Стэфановіч. Паўнамоцтвы Алеся Бяляцкага на пасадзе віцэ-прэзідэнта FIDH завершыліся пасля трэцяга тэрміну, сваю кандыдатуру на цяперашніх выбарах ён не выстаўляў.    

У выбарах новага складу кіраўніцтва FIDH (Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека) прынялі ўдзел 178 сябраў Федэрацыі з 120 краінаў свету. Ад Праваабарончага цэнтра “Вясна”, які ўваходзіць у FIDH з 2004 года, галасаваў юрыст арганізацыі Валянцін Стэфановіч.

Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч на выбарах Міжнароднага бюро FIDH
Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч на выбарах Міжнароднага бюро FIDH

Кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі, які з 2007 па жнівень 2016 года з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам Федэрацыі па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, увайшоў у падліковую камісію. Пераемнікамі беларускага праваабаронцы на пасадзе віцэ-прэзідэнта па нашым рэгіёне сталі Артак Кіракасян, кіраўнік Інстытута грамадзянскай супольнасці ў Арменіі, і Талекан Ісмаілава, кіраўніца арганізацыі “Бір Дуйно Кыргызстан”. Агулам было абрана 15 віцэ-прэзідэнтаў па розных рэгіёнах свету.    

Прэзідэнтам FIDH абраны грэчаскі навуковец і актывіст Дзімітрыс Хрыстопулас. На гэтай пасадзе ён змяніў іранскага адваката Карыма Лахіджы, які ўзначальваў міжнародную праваабарончую арганізацыю цягам апошніх трох гадоў. Як прэзідэнт FIDH Дзімітрыс Хрыстопулас будзе працаваць у напрамку рэалізацыі прыярытэтаў, вызначаных арганізацыямі-сябрамі FIDH падчас форуму.

У сваёй першай прамове ў якасці прэзідэнта FIDH ён адзначыў: “Пытанне на парадку дня закранае саму сутнасць палітыкі: барацьба з няроўнасцю, барацьба за змяненне структуры ўлады на карысць слабых, на карысць прававой дзяржавы, на карысць нашага ўласнага бачання справядлівага свету. Гэта не толькі законныя, але тэрміновыя абавязальніцтвы нашага руху”.

У цэнтры мандата Дзімітрыса Хрыстопуласа будзе знаходзіцца барацьба з беспакаранасцю, а таксама мабілізацыя дзеля павагі да правоў чалавека ў кантэксце эканамічнай глабалізацыі. Новы прэзідэнт FIDH ужо некалькі гадоў выкрывае негатыўныя наступствы палітыкі жорсткай эканоміі ў галіне правоў чалавека. Гэтая праблематыка была прадметам дакладу пра сітуацыю ў Грэцыі, які атрымаў назву “Зніжэнне ролі правоў чалавека: Кошт палітыкі жорсткай эканоміі ў Грэцыі”.

Агулам у новы склад Міжнароднага бюро FIDH увайшлі 22 актывісты з 21 краіны свету, якія прадстаўляюць усе пяць кантынентаў.

Падчас 39-га Кангрэса FIDH таксама былі абраныя новыя сябры Федэрацыі з 15 краінаў свету, у іх ліку Праваабарончы цэнтр "Мемарыял" з Расіі, Цэнтр грамадзянскіх свабодаў з Украіны, фонд "Міжнародная прававая ініцыятыва" з Казахстана, Польскае таварыства антыдыскрымінацыйнага права, Нарвежскі Хельсінкскі камітэт. У выніку, колькасць сябраў FIDH дасягнула 184. Кангрэс прыняў 26 рэзалюцый, у тым ліку тры спецыяльныя заявы па сітуацыі ў Сірыі і Зімбабвэ, а таксама заклік да абароны праваабаронцаў ва ўсім свеце.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства