У Баранавічах за 2 дні вынесены 2 папярэджанні прэтэндэнтам у кандыдаты
12 ліпеня акруговая камісія Баранавіцкай усходняй акругі №6 на паседжанні разгледзела заявы трох грамадзян: Васіля Саўчанкі – дырэктара кааператыўнага рынка і прадпрымальнікаў Вадзіма Карганава і Сахо Мамедава, якія паскардзіліся на тое, што Мікалай Чарнавус- малодшы вядзе не толькі збор подпісаў, але і агітацыю. Пільныя супрацоўнікі рынка агітацыю ўгледзелі ў майцы Міколы Чарнавуса, на якой напісана: “Милллион рабочих мест”.
У агітацыі гэтыя грамадзяне абвінавацілі і прэтэндэнта ў кандыдаты Юрыя Казакевіча, на стэндзе якога было напісана: “Мы патрабуем перамен”. Таксама яны скардзіліся, што агульны пікет, які зладзілі на рынку Казакевіч і Чарнавус 10 ліпеня, замінаў працаваць.
Ні Юрый Казакевіч, ні Мікалай Чарнавус не пагадзілся з абвінавачваннямі і папярэджанямі. Яны, як і назіральнік за выбарамі Сяргей Гоўша, не лічаць агітацыяй ні майку, бо аналагічныя майкі не раздаюцца, у надпісе таксама няма агітацыі за канкрэтнага чалавека, як і ў надпісе: мы патрабуем перамен. А наконт таго, што заміналі працаваць, то прысутныя на пікеце чулі, як дырэктар рынка казаў, што не мае прэтэнзій, што ён па за палітыкай, а зборшчыкам подпісаў жадае поспехаў. Дзеючая дэпутатка Вольга Палітыка таксама збірала подпісы на рынку і, аказваецца, нікому не замінала.
Юрый Казакевіч і Мікола Чарнавус накіравалі свае скаргі аб нязгодзе з папярэджаннямі ў ЦВК.