Сенакос скончыўся, а пракурор усё “косіць”
Праваабаронцы паскардзіліся ў пракуратуру Магілёўскай вобласці на бяздзейнасць пракурора Глускага раёна Леаніда Палевіча па пытанні аб прымусовым сенакосе.
Раней праваабаронцы ПЦ “Вясна” звярталіся ў пракуратуру Глускага раёна з заявай аб незаконнасці Распараджэння Глускага райвыканкама пад назвай “Аб аказанні дапамогі ў нарыхтоўцы кармоў”, які фактычна прымушаў працаўнікоў 34 прадпрыемстваў прыняць удзел у сенакосе. Праваабаронцы звярталі ўвагу, што такое Распараджэнне парушае дзеючае працоўнае заканадаўства, Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародныя нормы ў галіне правоў чалавека, якія былі ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь. Аднак, пракурор Леанід Палевіч ніякую праверку не праводзіў, а проста перанакіраваў зварот у Магілёўскі аблвыканкам.
Праваабаронцы звяртаюць увагу, што:
- згодна з п. 2 арт. 6 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь”, пракурор прымае прадугледжаныя дадзеным Законам і іншымі заканадаўчымі актамі меры па прадухіленню парушэнняў заканадаўства, ад каго б гэтыя парушэнні не сыходзілі, прыцягненню да адказнасці асобаў, якія іх здзейснілі, аднаўленню парушаных правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый;
- у адпаведнасці з п. 4 арт. 27 пракурор надзелены паўнамоцтвамі па апратэставанні прававых актаў і рашэнняў (дзеянняў) мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, а ў выпадках прадугледжаных заканадаўствам, адмяняе іх;
і просяць указаць пракурору Леаніду Палевічу на недапушчальнасць фармальнага падыхода пры разглядзе зваротаў грамадзян, а таксама даць указанне пракуратуры Глускага раёна ўсё ж правесці пракурорскую праверку і адмяніць Распараджэння Глускага райвыканкама “Аб аказанні дапамогі ў нарыхтоўцы кармоў”.
Нагадаем, 8 чэрвеня Глускім райвыканкамам было выдадзена Распараджэнне пад назвай “Аб аказанні дапамогі ў нарыхтоўцы кармоў”, у адпаведнасці з якім кіраўнікі арганізацый Глускага раёна павінны забяспечыць накіраванне “ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку” супрацоўнікаў для нарыхтоўкі сена.
Згодна дадатку да Распараджэння, у працэс сенакосу было ўключана 34 прадпрыемствы і арганізацыі з Глуску і Глускага раёна, з разлікам нарыхтоўкі – 300 кг на аднаго чалавека, і планам агульнага накосу 337 600 кг сена.