У Осла пачынаецца Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання
6-ы Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання пройдзе ў Осла (Нарвегія) з 21 па 23 чэрвеня. Яго арганізатарамі выступаюць французская асацыяцыя «Разам супраць смяротнага пакарання» пад патранатам Іспаніі, Нарвегіі, Швейцарыі і Францыі, сумесна з Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання і іншымі міжнароднымі арганізацыямі. Беларусь на кангрэсе традыцыйна прадстаўляе кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”. Цырымонія адкрыцця адбудзецца 21 чэрвеня.
Серада, 22 чэрвеня, распачнецца пленарным паседжаннем “Прагрэс і рэгрэс у Азіі: высновы, якія можна зрабіць”, які дасць адказы на пытанне: “Як нядаўнія пазітыўныя падзеі ў Азіі могуць быць выкарыстаныя для пераадолення агульных праблемаў у краінах, якія захоўваюць смяротнае пакаранне?”
Затым адбудуцца круглыя сталы па тэмах “Смяротнае пакаранне і праблема тэрарызму” і “Мігранты і меншасці: Стратэгіі па пераадоленні праблемаў у “расстрэльных” справах”, а таксама пройдзе некалькі семінараў па самых разнастайных аспектах прымянення смяротнага пакарання ў свеце.
На пленарным паседжанні 23 чэрвеня размова пойдзе пра важнасць нацыянальных праваабарончых арганізацый у справе адмены смяротнага пакарання. У другой палове дня ўдзельнікі кангрэсу прымуць удзел у працы круглага стала па тэме “Вырашэнне праблемы альтэрнатываў смяротнай кары” ды іншых мерапрыемствах і семінарах. Асобна будзе разглядацца тэма “Кампаніі за адмену смяротнага пакарання, накіраваныя на парламентарыяў і выканаўчую ўладу”.
Па традыцыі Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання завяршыцца яркім тэатралізаваным шоу – глабальным маршам супраць смяротнага пакарання, які пачнецца каля будынку мэрыі Осла і пройдзе па цэнтральных вуліцах нарвежскай сталіцы.
Цалкам з праграмай кангрэса можна азнаёміцца па спасылцы ўнізе.
Як паведаміў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, у рамках праграмы 6-га Сусветнага кангрэса супраць смяротнага пакарання, Праваабарончы цэнтр «Вясна”, Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і Нарвежскі Хельсінкскі камітэт ладзяць паралельнае мерапрыемства па тэме смяротнага пакарання ў Беларусі. Сайд –івент адбудзецца 22 чэрвеня ў Оперным тэатры сталіцы Нарвегіі.
Беларусь з'яўляецца адзінай еўрапейскай краінай, якая да гэтага часу прымяняе смяротнае пакаранне. Паводле беларускіх уладаў, краіна павольна рухаецца ў напрамку адмены смяротнага пакарання, але гэты працэс з’яўляецца “доўгім і складаным”. У той жа час, людзей асуджаюць да смерці і расстрэльваюць у выніку бесчалавечнай і непразрыстай працэдуры.
Як можа міжнародная супольнасць, і перадусім Еўрапейскі саюз, дапамагчы працэсу адмены смяротнага пакарання ў Беларусі? Пра гэта будуць распавядаць выступоўцы:
Любоў Кавалёва, маці Уладзіслава Кавалёва, расстралянага па абвінавачванні ў тэрарызме;
Валянцін Стэфановіч, Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”;
Элізабэт Эдланд, супрацоўніца Аддзела па планаванні і ажыццяўленні палітыкі ў сферы правоў чалавека Знешнепалітычнай службы ЕС.
У якасці мадэратара выступае Флорэнс Беліўе, намесніца Генеральнага сакратара FIDH.
Заключныя заўвагі - Генеральнага сакратара Нарвежскага Хельсінкскага камітэта Б’ёрна Энгесланда.
Адбудзецца таксама прэзентацыя кнігі “Смяротнае пакаранне ў Беларусі” (The Death Penalty in Belarus), якая на кангрэсе ўпершыню будзе прадстаўленая на ангельскай мове.
Адметнасцю гэтага дакументальнага даследвання з’яўляецца ўнікальны гістарычны агляд “Гісторыя смяротнага пакарання ў Беларусі”, падрыхтаваны гісторыкамі права.Таксама ў кнізе – вялікае інтэрв’ю з былым начальнікам СІЗА №1 у Менску Алегам Алкаевым, пад кіраўніцтвам якога было здзейснена каля 150 смяротных прысудаў, інфармацыя пра смяротныя прысуды ў Беларусі за перыяд ад 1998 года па 2015 год, цікавыя журналісцкія даследванні.
Дарэчы, англійскі варыянт кнігі “Смяротнае пакаранне ў Беларусі” цяпер даступны для спампоўвання ў розных фарматах: epub, fb2 і mobi.
Раней беларускія праваабаронцы бралі актыўны ўдзел у Сусветных кангрэсах супраць смяротнага пакарання ў Жэневе ў 2010 годзе і Мадрыдзе ў 2013 годзе.