У Швейцарыі праходзіць Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання
Сёння ў Жэневе распачаў працу Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання. Трохдзённы форум сабраў больш за тысячу юрыстаў, прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый, вядомых грамадскіх і палітычных дзеячоў з розных краін свету. Сярод яго ўдзельнікаў – прадстаўнікі Беларусі, актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Валянцін Стэфановіч і Тацяна Рэвяка.
Як паведамляе Итар-ТАСС, сусветны кангрэс праводзіцца па ініцыятыве асацыяцыі «Разам супраць смяротнага пакарання» пры падтрымцы швейцарскага ўрада і Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання.
Па інфармацыі арганізатараў Кангрэсу, на сённяшні дзень у свеце налічваецца 150 краін, якія адмянілі смяротную кару па закону або на практыцы.
58 дзяржаў выкарыстоўваюць такі від пакарання, выконваючы ў год 6 тысяч прысудаў. Пры гэтым на пяць краін прыпадае 90 працэнтаў пакаранняў: Кітай, Іран, Саудаўская Аравія, ЗША і Пакістан.
Нагадаем, напярэдадні Вярхоўны суд Кітая заклікаў суддзяў на месцах скараціць колькасць вынесеных сьмяротных прысудаў. Згодна заяве Вярхоўнага суда, смяротнага пакарання заслугоўвае толькі невялікая група злачынцаў, і гэтая мера пакарання павінна прымяняцца толькі ў крайніх выпадках.