viasna on patreon

На Савеце ААН у Жэневе будуць казаць пра пераслед гомельскага праваабаронцы

2016 2016-05-30T08:32:48+0300 2016-05-30T08:33:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudalenka_frontlinedefenders.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Судаленка выступіў на Восьмай Дублінскай платформы для праваабаронцаў

Леанід Судаленка выступіў на Восьмай Дублінскай платформы для праваабаронцаў

У справаздачы спецдакладчыка ААН па сітуацыі ў Беларусі Міклаша Харасьці, якая будзе разглядацца на чэрвеньскай 32-й сесіі Савета ААН па правах чалавека, у якасці прыкладу пераследу беларускіх праваабаронцаў пералічваюцца факты ціску, затрыманняў і правакацый ў 2015 годзе ў дачыненні да гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленка.

Сам Леанід кажа, мінулы год быў у яго працы мабыць самы цяжкі. У дачыненні да яго і яго сям’і паступалі пагрозы забойствам, у сувязі з правакацыяй у распаўсюдзе парнаграфіі дома і ў офісе праходзілі ператрусы, яго затрымлівалі на дзяржмяжы, ціснулі праз падаткавікоў, прад'яўлялі абвінавачванні ў непадпарадкаванні супрацоўнікам дзяржорганаў.

“У красавіку мінулага году міліцыя правяла ператрусы ў маёй кватэры і ў маім офісе, сканфіскаваўшы пры гэтым шэсць кампутараў па падазрэнні ў распаўсюдзе парнаграфiчных матэрыялаў з майго электроннага адрасу. Следства тады заявіла, што парнаграфія была распаўсюджана з майго электроннага адрасу і з IP адрасу, які належыць маёй праваабарончай арганізацыі”, - успамінае Судаленка.

Праваабаронца абараняе ахвяр парушэнняў правоў чалавека, як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні, дапамагае ахвярам падаваць індывідуальныя скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ ААН). Ён вядзе ў КПЧ ААН справу асуджанага да смяротнага пакарання, а потым растралянага жыхара Гомеля Аляксандра Грунова. Па просьбе яго маці Леанід Судаленка падрыхтаваў шматлікія звароты да беларускіх уладаў паведаміць пра месца пахавання сына, атрымаўшы адмовы, зноў жа дапамог жанчыне звярнуцца ў КПЧ ААН са скаргай аб прымяненні ў яе дачыненні жорсткага, бесчалавечнага зневажальнага чалавечую годнасць звароту.

“Неўзабаве пасля гэтага на пошту я атрымаў паведамленне з пагрозамі забойства ў адрас сваіх дзяцей, невядомы пытаўся ў мяне, ці буду я абараняць у КПЧ ААН забойцу свайго сына? У дзень забойства ў Маскве Барыса Нямцова на свой электронны адрас я атрымаў ад невядомых відэа з месца забойства, якое змяшчала кароткая пытанне – “Як табе відэа?”

“24 траўня, пры вяртанні на асабістым аўтамабілі з літоўскай сталіцы (Вільнюс) у Беларусь на дзяржаўнай мяжы мне наладзілі пільны асабісты ператрус, ператрус багажу і аўтамабіля. У выніку гэтай зневажальнай працэдуры (ад мяне запатрабавалі нават зняць штаны) у мяне канфіскавалі асабісты ноўтбук і некаторыя друкаваныя матэрыялы. Аналагічны выпадак адбыўся і 25 жніўня, калі я вяртаўся з Вільні ў Беларусь цягніком. Ад мяне без тлумачэння прычын запатрабавалі сысці з цягніка, а калі я ў знак пратэсту адмовіўся, мяне “вывалаклі” з цягніка з ужываннем фізічнай сілы і зноў наладзілі прыніжальную працэдуру асабістага ператрусу. Па факце адмовы выйсці з цягніка супраць мяне быў складзены адміністрацыйны пратакол і мяне чакала адпаведнае пакаранне”, - працягвае ўспамінаць пераслед праваабаронца.

Леанід Судаленка таксама кажа, што ў сярэдзіне лета мінулага года ён атрымаў патрабаванне ад падатковай інспекцыі здаць дэкларацыі аб даходах і маёмасці за апошнія 10 гадоў і гэта пры тым, што ў 2012 годзе ўся яго сям'я, уключаючы сына, які ў той час служыў ў Арміі падавалі такія дэкларацыі за перыяд да 2012 года ўключна. Яго патрабаванне растлумачыць сутнасць прад'яўленай прэтэнзіі засталося з боку падатковай інспекцыі без адказу. Пададзеная скарга ў суд таксама пакінутая без задавальнення.

“Я лічу, што пералічаныя факты сведчаць аб крыміналізацыі праваабарончай дзейнасці з боку дзяржавы, запалохванням, адвольным затрыманням, зневажальным годнасць звароце, абмежаванню на перамяшчэнне, прымяненню забароненай дыскрымінацыі ў сілу маіх перакананняў”, - дадаў Леанід Судаленка.

Гомельская Вясна

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства