viasna on patreon

Конкурс эсэ “Інтэлектуальная спадчына Беларусі: постаці, ідэі і кантэксты”

2016 2016-04-22T11:00:56+0300 2016-04-22T11:12:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/for_esse-konkurs.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускае мысленне – неад'емная частка нашай культуры і ідэнтычнасці. Ідэі, канцэпты і ўяўленні, што нараджаліся на гэтай зямлі з’яўляюцца падмуркам і крыніцай для разумення культурай самой сябе, спробамі ўгледзецца ў свае мінулае і будучыню, складнікам самастойнага еўрапейскага мыслення, умовай самаасэнсавання і развіцця. Але на жаль імёны мысляроў, іх ідэі і канцэпты вельмі слаба ўсвядомлены і “узяты” у культуру і ідэнтычнасць беларусаў.

Цягам апошняга году ў межах  кампаніі “Цытуй сваё” шэраг грамадскіх арганізацый і ініцыятываў намагаліся звярнуць увагу шырокага кола беларусаў на той скарб, які мы ўсе разам маем – беларускае мысленне. Дзякуючы супольным намаганням з’явіўся “Цытатнік беларускага мыслення”, думкі беларускіх мысляроў ўвасобіліся ў арыгінальныя выявы для саколак, адбылася серыя публічных лекцый і дыскусій “Спадчына Ігната Абдзіраловіча”.

Працягваючы гэты шлях у пазнанне і разуменне саміх сябе мы прапануем новы творчы  крок – конкурс эсэ, прысвечаных постацям, ідэям і кантэкстам паўставання беларускай інтелектуальнай традыцыі.

Мэта конкурсу – узбуджэнне цікавасці да інтэлектуальнай спадчыны, творчае і рэфлексіўнае пераасэнсаванне і прысваенне традыцыі беларускага мыслення, стварэнне галерэі тэкстаў, якія разгортваюць разуменне беларускай культуры і ідэнтычнасці.

Мы прапануем звярнуцца да самых розных гістарычных перыядаў і культурных кантэкстаў паўставання беларускага мыслення: ад самых далёкіх часоў да нашых сучаснікаў, якія рабілі свой унёсак у традыцыю апошнія дзесяцігодзі.

Да разгляду прымаюцца арыгінальныя аўтарскія эсэ, ў якіх праводзіцца аналіз, рэфлексія, канцэптуалізацыя ці робіцца працяг самых розных аспектаў беларускага мыслення. Працы павінны быць напісаны ў межах наступных тэматычных накірункаў:

  1. Уяўляючы Беларусь. Ідэі і канцэпты ў беларускай традыцыі, праз якія ішло асэнсаванне Беларусі, грамадства, культуры, нацыі, яе мінуўшчыны і будучыні.
  2. Унікальныя ідэі, тэорыі і падыходы як беларускі ўнёсак у еўрапейкую і сусветную думку.
  3. Паўставанне і выбудова традыцыі: пераемнасць, разгортванне думак і ідэяў ад мінулага ў будучыню.
  4. Шлях і лёс інтэлектуала: постаці беларускай інтэлектуальнай традыцыі. Гістарычны, культурны і палітычны кантэксты інтэлектуальнай працы, выклікі і адказы, індывідуальныя траекторыі і творчасць.
  5. Гісторыя беларускай інтэлектуальнай традыцыі: культурны кантэкст, абставіны і інстытуты развіцця мыслення.
  6. Асобны накірунак! Асэнсаванне інтэлектуальнай спадчыны Ігната Абдзіраловіча.

У склад журы конкурсу ўваходзяць:

Уладзімір Мацкевіч, філосаф, метадолаг, заснавальнік Лятучага ўніверсітэта

Ірына Дубянецкая, бібліст, багаслоў і філосаф, акадэмічны дырэктар Беларускага калегіюма

Міхаіл Баярын, філосаф, лінгвіст, санскрытолаг, перакладчык, паэт

Віталь Рыжкоў, літаратар, перакладчык, лаўрэат літаратурных прэмій "Дэбют" і "Залаты апостраф"

Лідзія Міхеева, сацыёлаг, рэдактар аддзела культуры “Беларусского Журнала”

Да ўдзелу запрашаюцца як сталыя навукоўцы, даследчыкі, літаратары, так і студэнты і пачаткоўцы, якія цікавяцца беларускай інтэлектуальнай спадчынай, шукаюць сваё месца ў традыцыі мыслення, прагнуць разумення і развіцця беларускай культуры і ідэнтычнасці.

Тэксты павінны быць раней не публікаваныя і напісаныя на беларускай альбо рускай мове. Памер тэкстаў ад 10 да 25 тысяч знакаў.

Дасылаць свае працы трэба ў электронным выглядзе з пазнакай “На конкурс” на адрас: cytuj.svajo@gmail.com да 15 жніўня 2016 г. Таксама абавязкова пазначце ў лісце сваё імя і прозвішча, кантактныя дадзеныя (пошта, тэлефон), сферу дзейнасці.

10 верасня 2016 года будзе абвешчаны шорт-ліст удзельнікаў. Пераможцы будуць абвешчаны падчас Тыдня беларускага мыслення на адмысловай імпрэзе.

Пераможцы атрымаюць каштоўныя ўзнагароды (электронныя кнігі), а ўсе аўтары эсэ з шорт-ліста прыемныя падарункі. Найлепшыя працы ўдзельнікаў будуць апублікаваныя на сайтах Будзьма, Беларусский журнал, Лятучы ўніверсітэт, а таксама войдуць у Альманах, які будзе выдадзены напрыканцы 2016 года.

У арганізацыйны камітэт конкурсы ўваходзяць: Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь“, Лятучы ўніверсітэт, грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!”, Беларускі Калегіум, “Мова Нанова”, “Беларусский журнал”, кнігарня “ЛогвінаЎ”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства