Лагацкай і Бордак – штраф 50 базавых на дваіх
Судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Вікторыя Шабуня 19 красавіка аштрафавала на 30 базавых велічынь (6,3 мільёна рублёў) мінчанку Галіну Лагацкую. Суд прызнаў Лагацкую вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся 22 лютага на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.
Справа Лагацкай набыла рэзананс пасьля таго, як стала вядома, што на яе падаў заяву ў міліцыю сусед. Спадар Мілевіч прасіў прыцягнуць Лагацкую да адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Сусед убачыў фота Галіны Лагацкай з плякатам «Прадпрымальнікі сумленныя, а ўлада бандыцкая» ў інтэрнэце і палічыў сябе пакрыўджаным.
У Цэнтральным судзе Менску таксама разглядалася адміністрацыйная справа актывісткі БХД Натальлі Бордак зь Нясьвіжа. Яе пакаралі штрафам на 20 базавых велічынь (4,2 млн рублёў).
Актывістку абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту супроць інтэграцыі з Расеяй, якая адбылася 2 красавіка каля расейскай амбасады ў Менску. Натальля Бордак на акцыі трымала ў руках плякат «Добры сусед той, які жыве праз плот». Натальлю Бордак судзіла Вікторыя Шабуня, якая перад гэтым пакарала штрафам Галіну Лагацкую.