viasna on patreon

Рух «За Свабоду» заклікае лібералізаваць заканадаўства аб масавых мерапрыемствах

2016 2016-04-13T12:15:35+0300 2016-04-13T12:16:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ruh-za-svabodu-1.jpg

Рух «За Свабоду» заклікаў прывесці Закон «Аб масавых мерапрыемствах» у адпаведнасць з Канстытуцыяй і ініцыяваць прымяненне лепшых міжнародных дэмакратычных практык ў сферы правоў грамадзян на мірныя сходы.

Арганізацыя прапануе увесці заяўны прынцып «апавяшчэння пра правядзенне масавых мерапрыемстваў».

«У такім выпадку значна спрасціцца арганізацыя мерапрыемства, сама працэдура наблізіцца да еўрапейскіх стандартаў па правядзенню мірных сходаў. У прыватнасці, у Літве законам не дазволена забараняць ці перашкаджаць грамадзянам збірацца на мірныя сходы, гэта права можна абмяжоўвацца толькі ў выпадку неабходнасці абароны дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, парадку, здароўя людзей», — адзначана ў звароце Руху «За Свабоду», ініцыятар якога першы намеснік старшыні арганізацыі Юрась Губарэвіч.

Акрамя таго, па меркаванню аўтараў звароту, неабходна «зняць абмежаванні на колькасць удзельнікаў масавых мерапрыемстваў, а таксама перагледзіць паняцце „масавае мерапрыемства“, больш канкрэтна прапісаўшы яго ў законе», «зняць абмежаванні на месцы правядзення масавых мерапрыемстваў, у выпадку, калі пералік забаронаў застанецца, іх прычыны павінны быць дакладна аргументаваныя».

У адпаведнасці з арт. 6 Закона, арганізатары масавага мерапрыемства нясуць адказнасць па аплаце «паслуг па ахове грамадскага парадку, якія аказваюцца органамі ўнутраных спраў», «расходаў, звязаных з медабслугоўваннем, прыборкай тэрыторыі пасля знаходжання на ёй масавага мерапрыемства», нагадалі ў арганізацыі.

«Масавыя мерапрыемствы ў Беларусі арганізуюць падаткаплацельшчыкі, якія ў выніку вымушаныя даплачваць бюджэтным структурам за выкананне ўласцівых ім функцый. Сярод іншага, такое патрабаванне абмяжоўвае магчымасці для арганізацыі масавага мерапрыемства грамадзянамі Беларусі. ПАГА Рух „За Свабоду“ прапануе скасаваць гэтую норму, вярнуцца да парадку, калі дзяржава сама гарантавала і забяспечвала прадстаўленне падобных паслуг», — прапанавалі ў Руху.

Па прапанове Руху «За Свабоду», неабходна таксама «прыбраць крымінальную адказнасць з арганізатараў масавых мерапрыемстваў».

«Рух «За Свабоду» прапануе прызнаць прапанаваныя папраўкі вернымі і распачаць заканадаўчую ініцыятыву па ўнясенні паправак у Закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», — адзначана ў заяве арганізацыі, якая была накіраваная сёння ў Савет Рэспублікі, Палату прадстаўнікоў, Савет міністраў і Міністэрства юстыцыі.

«Сёння, ва ўмовах пашырэння супрацы з Захадам, ўлады дэкларуюць жаданне стаць на шлях дэмакратыі, але словы, як звычайна разыходзяцца са справамі. Яны самі загналі сябе ў пастку ў сітуацыі з масавымі акцыямі», — пракаментаваў заяву першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Ён прыгадаў, што сёння мірныя сходы не разганяюць, але іх арганізатараў і ўдзельнікаў усё роўна караюць штрафамі, яны застаюцца правапарушальнікамі.

«Мы прапануем уладам праявіць добрую волю, змяніць заканадаўства „Аб масавых мерапрыемствах“, зрабіць яго больш дэмакратычным і прывесці да адпаведнасці з рэальным жыццём», — заключыў першы намеснік старшыні Руху.

Поўны тэкст заявы можна прачытаць тут.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства