Яўген Вапа ўпершыню за пяць год змог наведаць Беларусь
Упершыню пасля пяці год адмоў у беларускай візе, старшыня Управы Беларускага Радыё Рацыя, старшыня Беларускага Саюза ў Польшчы Яўген Вапа, нарэшце, наведаў Беларусь. Ягоны кароткатэрміновы візіт у Мінск напоўнены шматлікімі сустрэчамі з сябрамі, калегамі і аднадумцамі.
Яўген Вапа завітаў таксама і ў офіс Праваабарончага цэнтру “Вясна”, з сябрамі якога яго звязвае даўняе і цёплае сяброўства. Ён прызнаўся, што хаця і ўпершыню патрапіў у новае памяшканне “Вясны”, але асаблівых перамен не заўважыў: гэтак жа цёпла і ўтульна, як і раней.
Яўген Вапа актыўна падтрымліваў “вясноўцаў” у цяжкія для праваабаронцаў хвіліны, выступаў за вызваленне старшыні ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага, выступаў з заявамі ў падтрымку незалежных беларускіх СМІ.
Яшчэ ў траўні 2011 года на беларуска-польскай мяжы галоўнаму рэдактару тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” Яўгену Вапу анулявалі толькі што выдадзеную дзейсную беларускую візу, якую ён атрымаў па запрашэнні Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Праз год беларускае консульства ў Беластоку яму ізноў адмовіла ў магчымасці атрымання доўгатэрміновай візы.