viasna on patreon

Праваабаронцы чакаюць ад уладаў Беларусі не толькі словаў, але і канкрэтных вымяральных вынікаў

2016 2016-02-24T12:14:02+0300 2016-02-24T15:44:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/italia-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Амбасада Італіі ў Мінску. Фота www.tio.by

Амбасада Італіі ў Мінску. Фота www.tio.by

Прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі па запрашэнні італьянскага боку прынялі ўдзел у сустрэчы  з статс-дарадчыкам Міністэрства замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Італіі Бэнедэта Дэла Ведова, кіраўніком яго офіса Ларэнца Галанці і амбасадарам Рэспублікі Італія ў Беларусі Стэфанам Б’янчы.

З беларускага боку ў сустрэчы прымалі ўдзел старшыня РПГА “Беларускі Хельсінскі камітэт” Алег Гулак, сябра праўлення ГА “БАЖ” Жанна Літвіна, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) Аляксей Пікулік і дырэктар прыватнай інфармацыйна-кансультацыйнай  ўстановы «Рэгіён 119» Алена Красоўская-Каспяровіч.

Пад час размовы было абмеркавана шырокае кола пытанняў, датычнае бягучай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса Італіі адзначылі, што пачынаючы са жніўня мінулага года яны назіраюць некаторыя пазітыўныя моманты ў сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У прыватнасці, яны станоўча ацанілі вызваленне палітычных зняволеных і тую акалічнасць, што выбары ў 2015 годзе прайшлі без прымянення гвалту ў дачыненні да палітычных апанентаў,  кандыдаты мелі магчымасць праводзіць сходы бесперашкодна з боку улады.

Правабаронцы са свайго боку таксама выказалі свае меркаванні і погляды адносна бягучай сітуацыі ў краіне, падкрэсліўшы, што праваабарончая павестка дня павінна заставацца і прысутнічаць у палітыцы еўрапейскіх краін.

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч, у прыватнасці, адзначыў некаторае паляпшэнне сітуацыі пачынаючы са жніўня 2015 года:

 – Так, сапраўды, мы віталі вызваленне палітычных зняволеных і тое, што ўзровень рэпрэсій знізіўся. На дадзены момант улады пакуль устрымліваюцца ад жорсткіх форм рэпрэсій у дачыненні да палітычных апанентаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, маю на ўвазе адміністрацыйныя арышты і крымінальны пераслед па палітычных матывах.

Аднак я адзначыў, што сітуацыя вельмі далёкая ад ідэальнай. Мы чакаем і настойваем на больш сістэмных кроках, скіраваных на якаснае паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека. Заканадаўства, якое рэгулюе грамадзянскія і палітычныя правы, застаецца дагэтуль без зменаў і напоўненае рознымі рэпрэсіўнымі і абмежавальнымі нормамі.  Гэта тычыцца і свабоды сходаў, і свабоды асацыяцый.  Няглядзячы на тое, што апошнія мірныя сходы сапраўды праходзяць без прамога ўмяшальніцтва органаў правапарадку, тым не менш удзельнікі такіх сходаў прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе вялікіх штрафаў. Правесці легальна дэманстрацыю ці мітынг у Беларусі, як і раней, фактычна немагчыма.

Валянцін Стэфановіч выказаў асаблівую занепакоенасць прымяненнем на практыцы ў Беларусі смяротнага пакарання, адзначыўшы, што ад пачатку бягучага года вынесены ўжо два смяротныя прысуды, а ўсяго ў спецкалідоры чакаюць растрэлу чацвёра чалавек.

У дыскусіі была закранута і тэма мінулых выбараў прэзідэнта Беларусі.

“Наконт мінулых выбараў, паведаміў Валянцін Стэфановіч,  мы адзначылі, што сапраўды гвалту ў дачыненні да палітычных апанентаў не прымянялася, але ж і актыўнасць грамадства была невялікай, нейкіх масавых выступаў мы асабліва не назіралі. Прагрэсу не назіралася і ў выбарчых працэдурах, і ў характары саміх выбараў. Мы тут абсалютна згодны з высновамі БДІПЧ АБСЕ, якія праводзілі назіранне за выбарамі і лічым што іх нельга назваць справядлівымі і дэмакратычнымі. Зараз мы чакаем ад уладаў крокаў, скіраваных на імплементацыю  рэкамендацый, прапанаваных БДІПЧ АБСЕ пад час і папярэдніх, і апошніх выбараў”.

Іншыя ўдзельнікі  дыскусіі таксама акрэслілі розныя праблемы і пытанні, датычныя парушэнняў правоў чалавека ў іх сферах дзейнасці.

Напрыканцы сустрэчы італьянскаму боку быў перададзены аналітычны агляд “Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2015 годзе” падрыхтаваны ПЦ “Вясна”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства