Міліцыя актыўна перапісвала пашпартныя дадзеныя ўдзельнікаў мітынгу
Міліцыя склала пратаколы на некаторых удзельнікаў мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску 22 лютага. У дачыненні да лідэра АГП Анатоля Лябедзькі супрацоўнікі міліцыі распачалі спробу складання пратаколу, аднак іх адціснулі мітынгоўцы, утварыўшы жывы ланцужок. Пра гэта паведамляе БелаПАН.
Як паведаміў праваабаронцам “Вясны” актывіст “Еўрапейская Беларусі” Леанід Кулакоў праз паўгадзіны ад пачатку мітынгу на плошчы з’явілася некалькі супрацоўнікаў міліцыі з тэчкамі, якія актыўна запісвалі дадзеныя ўдзельнікаў. Кулакоў паспеў заўважыць, што ў паперах у супрацоўніка міліцыі, які перапісваў пашпартныя дадзеныя актывіста, было запісана 6-7 прозвішчаў. Не выключана, што і іншыя міліцыянты перапісвалі ўдзельнікаў мітынгу. Ці будуць выклікаць гэтых людзей у РУУС для складання пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях – пакуль невядома.