Дзмітрый Літвін заклікае віцяблян здымаць парушэнні правоў і выкладаць ролікі ў інтэрнэт
Ініцыятыва відэаблогера набыла папулярнасць за мінулыя пару тыдняў: ён пачаў здымаць і выкладаць відэаролікі на youtube.com, і яны набіраюць дзесяткі тысяч праглядаў.
Дагэтуль Дзмітрый Літвін быў вядомы ў дэмакратычных колах Віцебска як прадстаўнік кампаніі “Гавары праўду”. Адслужыўшы ў войску ў “спецназе”, ён некалькі гадоў працаваў канваірам у калоніі “Віцьба-3”, а потым вырашыў крута змяніць уласны лёс – “выйсці з сістэмы”, як ён сам гаворыць. Замест афіцыйнага працаўладкавання ў Беларусі ён абраў працу ахоўніка ў Маскве, а потым, вярнуўшыся ў Віцебск, далучыўся да прэзідэнцкай кампаніі Таццяны Караткевіч. Збіраў подпісы, быў назіральнікам на выбарах.
Па сканчэнні выбарчага перыяду стаў задумвацца, чым можна “разварушыць землякоў”. І вырашыў, што неблагім сродкам уздзеяння могуць стаць відэаролікі пра рэаліі беларускага жыцця. “Дэбютам” стаў відэаролік пра апусцелыя віцебскія кірмашы і праблемы прадпрымальнікаў. За два тыдні ён набраў пад 10 тысяч праглядаў. Але самым папулярным – больш за 46 тысяч праглядаў – стаў відэаролік “Вячеслав Карпенко. Обращение к правительству, к властям” . Гэта аповед маладога хлопца-сіраты, які працуе на адным з віцебскіх прадпрыемстваў і не мае ні прыстойнага заробку, ні перспектываў атрымаць жытло. Дзмітрый Літвін распавёў, што пра Вячаслава Карпенку яму расказалі знаёмыя па сацыяльных сетках, а неўзабаве яны сустрэліся, і хлопец пагадзіўся расказаць пра свае праблемы на відэа. Ён не пабаяўся праблем на працы, а потым выявілася, што папулярнасць відэароліка ў інтэрнэце адыграла станоўчую ролю: да яго сталі ставіцца больш паважна. І нават знайшоўся добраахвотнік, які выказаў жаданне бясплатна дапамагаць хлопцу юрыдычнымі і прававымі парадамі.
Дзмітрый Літвін здымае свае відэаролікі мабільным тэлефонам, сам жа каментуе ўбачанае “за кадрам”. Ён не прэтэндуе, каб ягоныя творы цанілі за мастацкасць, але лічыць, што такога кшталту дзейнасць можа быць карыснай.
“Я хачу, каб людзі ведалі, што ёсць чалавек, які не баіцца паказаць праўду. І каб яны перасталі баяцца таксама. Я стварыў уласны канал на youtube.com. І гэта ж можа зрабіць кожны. Трэба паказваць дрэнныя бакі нашага жыцця тым, хто іх не заўважае. Так паціху-памалу можа змяніцца свядомасць нашага насельніцтва”, - перакананы Дзмітрый Ліцвін.