viasna on patreon

Віцебскія прадпрымальнікі гатовыя ехаць у Мінск на сход

2016 2016-02-10T23:50:12+0300 2016-02-10T23:50:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-pradprymaln-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Яны збіраюцца менавіта на сход, каб абмеркаваць шляхі далейшага змагання супраць невыканальнага загаду №222. Грамадзяне маюць права на мірныя сходы, і прадпрымальнікі спадзяюцца, што менавіта так праваахоўнікі ацэняць іхнае з’яўленне на адной з мінскіх плошчаў.

Рашэнне ехаць у Мінск 15 лютага і праводзіць сход замест адмененага РГА “Перспектыва” мітынгу было прынята віцебскімі прадпрымальнікамі, якія сабраліся ў гандлёвым цэнтры “Эвіком”. Яны лічаць, што адмена мітынгу з тае прычыны, што РГА “Перспектыва” дамаглося стварэння перамоўнай пляцоўкі па праблемных пытаннях з уладамі - гэта не падстава для супакаення.

“Мы можам супакоіцца толькі тады, калі ў нас будуць належныя ўмовы для працы. Першая з іх – гэта адмена ўказа №222. А гэтага ніхто нават не абяцаў, анансаваныя толькі перамовы з прадпрымальнікамі- актывістамі. Трэба, каб урад і міністэрствы разумелі: мы не адступіліся, не супакоіліся, мы будзем нагадваць пра сябе”, -- кажа Ірына Яскевіч, каардынатарка аргкамітэту па стварэнні прафсаюзу прадпрымальнікаў “Разам”.

Віцебскія прадпрымальнікі адзначаюць, што не дачакаліся канструктыўных вынікаў перапіскі з чыноўнікамі гарадскога і абласнога ўзроўню. А ў адказ на калектыўныя лісты, дасланыя ў рэспубліканскія структуры, атрымалі толькі паведамленне, што іхныя допісы “накіраваныя па інстанцыях”. Прадпрымальнікі падкрэсліваюць, што падчас іхнага вымушанага беспрацоўя пакутуюць сем’і, бо вымушаныя жыць у адсутнасць прыбыткаў. Не задаволеныя і пакупнікі, якія не маюць дастатковага выбару і мусяць карыстацца выключна крамным асартыментам вырабаў лёгкай прамысловасці.

Збіраючыся паехаць у Мінск 15 лютага, прадпрымальнікі не выключаюць, што іх могуць абвінаваціць ў правядзенні несанкцыянаванай акцыі. І таму падкрэсліваюць сваю мэту – скарыстацца канстутацыйным правам на мірныя сходы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства