viasna on patreon

Патаемнае відэаназіранне ў полацкай краме “Гарызонт” стала прычынай звальнення чатырох работніц

2016 2016-01-29T13:15:44+0300 2016-01-29T13:15:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-krama-videa.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Крама належыць ААТ «ПолоцакБудМатэрыялы», і ўсталяванне схаванай відэакамеры – ініцыятыва кіраўніцтва. Праз тыдзень відэназірання дырэктар прадпрыемства абвінаваціў гандлярак у службовых парушэннях і звярнуўся ў міліцыю. Там складу злачынства не ўбачылі, але работніцы ўсё адно былі звольнены. Цяпер яны судзяцца за аднаўленне на працы.

Відэакамера была ўсталявана, каб выявіць хібы ў працы персаналу. Відэаназіраньне вялося цягам тыдня, а пасля была арганізавана пазапланавая праверка, якая выявіла нястачу грошай у касе – каля трох мільёнаў рублёў. Дырэктар прадпрыемства адхіліў чатырох гандлярак ад працы і звярнуўся ў міліцыю, прыклаўшы да заявы здымкі схаванай відэакамеры. Аднак у міліцыі не знайшлі падставаў, каб прыцягнуць гандлярак да адказнасці. Дырэктар, тым не менш, іх звольніў.

Двое звольненых гандлярак падалі заяву ў суд, патрабуючы аднаўлення на працы, выплаты заробкаў за вымушаны прагул і кампэнсацыі маральнага ўрону. Іхныя інтарэсы ў судзе прадстаўляе сябар СПБ – незалежнага прафсаюзу, у які ўступілі спадарыні.

“Спачатку гандляркі звярнуліся па дапамогу ў галіновы прафсаюз, была сабрана камісія па працоўных спрэчках, але яна падтрымала рашэнне кіраўніка, -- распавёў кіраўнік “пярвічкі” СПБ на прадпрыемстве “Полацк-Шкловалакно” Віктар Стукаў. – Абураныя спадарыні выйшлі са свайго прафсаюзу і прыйшлі да нас. Цяпер наш чалец СПБ прадстаўляе іхныя інтарэсы ў судзе. Звольненыя гандляркі патрабуюць аднаўлення на працы, кампенсацыі заробку, страчанага за час беспрацоўя, і маральнага ўрону”.

Віктар Стукаў упэўнены, што ўсталяванне схаваных відэакамер – гэта незаконна, і да таго ж з’ўляецца парушэннем правоў асобы. Прычым гаворка не толькі пра гандлярак, а і пра наведнікаў крамы, якіх павенна папярэджваць пра відэаназіранне адпаведная абвестка.

“Яшчэ да звальнення работніцы напісалі скаргі ў пракуратуру пра незаконнасць схаванага відэаназірання, праверкі па гэтых заявах яшчэ праводзяцца. Юрысконсульт ААТ «ПолоцакБудМатэрыялы» Таццяна Тамашова казала ў судзе, што абвестка пра відэаназіранне ў краме ёсць, але де яна размешчана, указаць не змагла. Насамрэч абвестка з’явілася на другі дзень пасля пачатку судовага працэсу – але не на дзвярах, як робіцца ў іншх крамах, а на стэлажы каля касы. Самой жа камеры так і не відаць, верагодна, яна схаваная недзе ў пажарным апавяшчальніку пад столлю”, -- кажа Віктар Стукаў.

Са словаў гандлярак ён апавёў і пра падрабязнасці праверкі, якую наладзілі гандляркам пасля тыдня відэаназірання. Яна прыцягвалася з 9 раніцы да 22 вечара, без перапынку на абед ці вячэру. На гэты час супрацоўнікам было загадана пакінуць усе асабістыя рэчы і мабільныя тэлефоны ў кабінеце дырэктара.  

У судзе гандляркі патлумачылі, адкуль у касе выявілася нястача: маўляў, вялікая колькасць грашовых купюр не змяшчаецца ў касавым апараце, і іх даводзіцца трымаць асобна. Да таго ж у краме практыкуецца выдача тавараў у доўг да заробку. Дарэчы, у спісе “даўжнікоў”, які вёўся ў адмысовым сшытку, былі і загадчыца крамы, і сам дырэктар ААТ «ПолоцакБудМатэрыялы» Андрэй Жук. Так што не ведаць пра такую практыку адміністрацыя не магла.

Суд мусіць высветліць, ці былі законныя паставы для звальнення работніц. Наступнае паседжанне па гэтай справе прызначана на 2 лютага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства