Алесь Дзергачоў: Права беларусаў на абарону сваіх правоў праз міжнародныя арганізацыі застанецца толькі паштовай паслугай
Паводле артыкула 61 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны мае права ў адпаведнасці з міжнародна-прававымі актамі, якія ратыфікаваны Рэспублікай Беларусь, звяртацца ў міжнародныя арганізацыі з мэтай абароны сваіх правоў і свабод, калі вычарпаны ўсе наяўныя ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны.
Аднак у Беларусі адсутнічае норма права, якая б гарантавала рэалізацыю пастаноў, рэкамендацый ці рашэнняў міжнародных арганізацый, па зваротах грамадзян Беларусі. Яны ў Беларусі ўладай проста ігнаруюцца. У прыватнасці, гэта тычыцца заключэнняў і рэкамендацый Камітэта ААН па правах чалавека.
З гэтай нагоды Смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў звярнуўся ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу. У сваёй заяве ён адзначыў, што пры адсутнасці механізма рэалізацыі вердыктаў міжнародных арганізацый артыкул 61 Канстытуцыі фактычна гарантуе грамадзянам толькі паштовую паслугу – дастаўку зваротаў у гэтыя арганізацыі. Таму праваабаронца паставіў рэзоннае пытанне: ці плануе Палата прадстаўнікоў прыняцце закона, які б прадугледжваў рэалізацыю актаў рэагавання міжнародных арганізацый на звароты грамадзян Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з артыкулам 61 Канстытуцыі?
26 студзеня 2016 г. Алесь Дзергачоў атрымаў адказ №23-07/37 за подпісам старшыні пастаяннай камісіі па міжнародных справах Віталія Бусько. У ім паведамляецца, што зварот разгледжаны камісіяй супольна з зацікаўленымі органамі дзяржаўнага кіравання. Праўда, якое меркаванне выказалі гэтыя органы, не паведамляецца.
Нарэшце, Віталь Бусько адзначыў, што планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2016 год, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2015 года № 530, распрацоўка законапраекта, што рэгулюе парадак рэалізацыі рашэнняў (іншых актаў) міжнародных арганізацый, у якія грамадзяне Рэспублікі Беларусь могуць звяртацца з мэтай абароны сваіх правоў i свабод, калі вычарпаныя ўсе наяўныя ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны, не прадугледжана.
З адказу вынікае, што ні прэзідэнт, ні заканадаўчы орган краіны пакуль што не збіраюцца забяспечваць грамадзянам магчымасць рэальнай абароны сваіх правоў з дапамогай міжнародных арганізацый. Таму фактычна права, прадугледжанае артыкулам 61 Канстытуцыі, як і раней, застанецца паштовай паслугай дзяржавы грамадзянам па дастаўцы зваротаў у гэтыя арганізацыі.