Баранавіцкія актывісты правялі акцыю памяці каля Крыжа ахвяраў сталінскіх рэпрэсій (фота)
У Баранавічах грамадскія актывісты і праваабаронцы 29 кастрычніка ўшанавалі памяць ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі.
– У 2007 годзе 29-ты дзень кастрычніка быў вызначаны Днём ушанавання памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіў у Беларусі. Таму сёння мы сабраліся каля Крыжа ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 1939-1953 гадоў (скрыжаванне вуліц Смаленскай і Пірагова), каб нагадаць нашым грамадзянам, што ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года супрацоўнікі НКУС расстралялі ў мінскай турме 22 беларускіх пісьменнікаў і больш 80 прадстаўнікоў інтэлігенцыі нашай краіны. Аднак мы прыйшлі сюды не толькі для ўшанавання памяці нявінна забітых беларускіх дзеячоў культуры ў 1937 годзе, але і для таго, каб сказаць, што такія трагічныя падзеі ў нашай гісторыі больш ніколі не павінны паўтарыцца, – адзначыў актывіст Руху “За свабоду” Віктар Сырыца.
Актывісты прыбралі тэрыторыю парка ад смецця і лісця, усклалі кветкі, запалілі лампадкі. Затым Ганна Аніскевіч і Сяргей Забенька нагадалі імёны тых, хто загінуў у гэтую трагічную “крыштальную ноч” за свабоду і беларускасць, а Віктар Сырыца прачытаў апошні верш Міхася Чарота “Прысяга”, які паэт напісаў на сцяне турмы НКУС у Мінску.
Удзельнікі мерапрыемства прачыталі малітву за ўсіх памерлых і загінулых ад рэпрэсій людзей.