У Брэсце ўшанавалі памяць ахвяр палітычных рэпрэсій (фота)
Прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) правялі акцыю, прымеркаваную да Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій.
Акцыя адбылася на Трышынскіх могілках Брэста каля помніка ахвярам сталінскіх лагераў. Сацыял-дэмакраты зрабілі невялікую ўборку тэрыторыі, усклалі кветкі, запалілі свечкі і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць ахвяр палітычных рэпрэсій.
“Гэта чорны дзень у беларускай гісторыі, і штогод мы ладзім мерапрыемствы, прысвечаныя гэтым трагічным падзеям, - распавяла старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі БСДП Ганна Канюс. - Мы памятаем, што толькі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў мінскай турме НКУС было расстраляна больш за 100 беларускіх пісьменнікаў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў. Але і зараз, у сучаснай Беларусі, у прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, палітычных партый ды і звычайных людзей ёсць сур'ёзныя прэтэнзіі да беларускіх уладаў наконт рэалізацыі грамадзянскіх, палітычных правоў і свабод”.