Павел Вінаградаў вярнуўся ў Мінск з “палітычнай ссылкі”
Былы палітвязень Павел Вінаградаў распавёў сайту palitviazni.info пра сваё жыццё ў Беразіно, вяртанне ў сталіцу і будучыя планы.
Моладзевы актывіст апазіцыі Павел Вінаградаў, вядомы частымі затрыманнямі і суткамі арышту, каля году таму вырашыў з’ехаць з Мінска. Асноўная прычына — пагроза трапіць у лекава-працоўны прафілакторый, бо актывіст ужо меў некалькі адміністрацыйных арыштаў быццам бы за «стан алкагольнага ап’янення».
«Ёсць палітзняволеныя, ёсць палітпрызыўнікі, а я вось быў бы першым паліталкаголікам», – распавядаў Павел Вінаградаў журналістам.
Нагадаем, пасля падзей у снежні 2010 году Павел Вінаградаў быў арыштаваны, а затым асуджаны на 4 гады зняволеньня. 14 верасьня 2011 г. актывіст быў вызвалены паводле ўказу аб памілаванні, падпісанага кіраўніком дзяржавы.
– У Беразіно я вымушаны быў знаходзіцца больш за 10 месяцаў, – кажа Павел Вінаградаў. – І скажу, што гэта быў даволі цікавы этап у маім жыцці. Не часта табе даводзіцца пабыць у месцы, дзе можна пра ўсё забыцца – і пра “крывавы рэжым”, і пра ўсё астатняе. У раённым цэнтры я проста адпачываў і атрымліваў асалоду ад прыроды.
– Уявім сабе, што вы не згадзіліся б з’язджаць са сталіцы…
– Мяркую, што была б рэальная магчымасць патрапіць у ЛТП. Падчас адвольных затрыманняў мне рэгулярна прыпісвалі «стан алкагольнага ап’янення» альбо лаянку, таму маглі “закрыць” толькі так. Можа быць, увесь тэрмін там я і не прасядзеў бы, выйшаў бы у адзін дзень з Мікалаем Статкевічам. Бо ўладзе трэба было б альбо адпускаць усіх “палітычных”, альбо нікога не адпускаць. Але знаходжанне ў Беразіно дало і плён – з мяне знялі прэвентыўны нагляд.
– Колькі разоў вас саджалі на “суткі” за лаянку ды “стан алкагольнага ап’янення”?
– Калі не памыляюся, усяго на “сутках” я быў 19 разоў. Гэта за апошнія 5 гадоў. З іх 17 разоў – пачынаючы з 2012 году. Усяго ж па адміністрацыйных справах правёў за кратамі больш за 200 сутак. Своеасаблівы рэкорд!
– Вызначыліся, чым зараз будзеце займацца?
– Поўнасцю судзімасць з мяне яшчэ не знялі, яна закончыцца толькі ў верасні наступнага году. Таму пад фармальным наглядам яшчэ знаходжуся. А ўвогуле, пасля прыезду ў Мінск трэба яшчэ аглядзецца, што адбываецца ў палітычным жыцці, ды прыняць нейкае рашэнне.