Праваабаронцы прэзентавалі кнігу “Смяротнае пакаранне ў Беларусі” (відэа)
9 кастрычніка ў Мінску Праваабарончы цэнтр “Вясна” прэзентаваў дакументальнае выданне “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”, дзе сабраная інфармацыя па праблеме пачынаючы з 1998 года па сённяшні дзень.
Адметнасцю кнігі з’яўляецца першы ў сваім родзе агляд “Гісторыя смяротнага пакарання ў Беларусі”, падрыхтаваны гісторыкам і журналістам Дзянісам Марціновічам, а таксама вялікае інтэрв’ю з былым начальнікам СІЗА №1 горада Мінска Алегам Алкаевым, пад чыім кіраўніцтвам было прыведзена ў выкананне каля 150 смяротных прысудаў.
Зборнік ствараўся ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, якая праводзіцца з 2009 года, аднак працаваць з гэтай праблемай праваабаронцы пачалі на дзесяцігоддзе раней. Пра гэта падчас прэзентацыі распавяла адна з ўкладальнікаў кнігі Паліна Сцепаненка.
“Праваабарончы цэнтр “Вясна” пачаў займацца гэтай праблемай у 1998 годзе, калі ў арганізацыю звярнуўся чалавек з камеры смяротнікаў – Іван Фамін, які пісаў, што сядзіць там за чужую віну. “Вясна” пачала працаваць з гэтай справай. Івана Фаміна расстралялі, але праз яго прыйшло яшчэ восем лістоў ад смяротнікаў. Гэтыя матэрыялы ўвайшлі ў падрыхтаваны праваабарончым цэнтрам агляд па сітуацыі з правамі чалавека за 1998 год, які сам ужо ператварыўся фактычна ў бібліяграфічную рэдкасць, таму ўсе гэтыя матэрыялы мы ўключылі ў нашую дакументальную кнігу. Тым больш што гісторыя са справай Фаміна атрымала працяг – ужо ў 2013 годзе, калі мы, актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, накіраваліся ў Берлін да Алега Алкаева, які быў начальнікам мінскага СІЗА №1 у той час, калі там знаходзіўся Іван Фамін. Мы ўзялі з сабою тыя лісты, што атрымалі адтуль у 98-м годзе, яны яшчэ захавалі гэты пах… Алега Алкаева здрыганула троху, калі я дастала гэтыя лісты і паклала перад ім. Ён сказаў, я ведаю і не трэба мне іх паказваць. Сказаў: Івана Фаміна я памятаю – гэта чалавек, які агаварыў сябе на судзе, якога расстралялі за чужую віну, і гэта ўсе ведалі…”
І гэта не адзіны прыведзены выступоўцамі прыклад са старонак выдання, які выклікаў у аўдыторыі вельмі эмацыйную рэакцыю.
Кульмінацыйным момантам кнігі інтэрв’ю з Алегам Алкаевым назваў праваабаронца і літаратар Алесь Бяляцкі.
“Я чытаў ягоную “Расстрэльную каманду”, але кожны раз гэты дзядзька дастае са сваёй памяці штосьці новае, ён гэта выкладае-выкладае – і кожны раз дзервянееш, калі чытаеш гэта. Мяне асабліва ўразілі выпадкі, калі ён распавядаў, як людзі спрабавалі пазбегнуць безыменнасці. Прыгавораныя да смяротнага пакарання, яны ведалі, што пасля расстрэла іх пахаваюць і канцоў ніхто не знойдзе, таму самі спрабавалі, удала ці няўдала, падвесці рахункі свайму жыццю. І ён апісваў выпадак у Мінску, калі ў адной камеры на адной вяроўцы павесіліся двое чалавек - перад выкананнем смяротнага прысуду. Калі яны самі сышлі з жыцця – іх целы аддалі сваякам. І наступная гісторыя, якую ён згадвае, з Казахстана, калі чалавеку, які пытаўся, як зрабіць, каб ягонае цела аддалі сваякам, Алкаеў сказаў, што гэта магчыма толькі пры самагубстве. Той хуценька гэта зрабіў і пакінуў кароткую запіску: “Дзякуй за параду”.
Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна”, які адным з першых прачытаў кнігу, паколькі пісаў прадмову да яе, адзначыў, што яна выбудавана незвычайным чынам, што аказвае асаблівае ўздзеянне на чытача:
“Яна гаворыць пра адно і тое ж, адны і тыя ж імёны паўтараюцца дзесяткі разоў, але з розных бакоў - у афіцыйных паперах, у сведчаннях сваякоў, ва ўспамінах знаёмых і таго ж Алега Алкаева. Гэта танец смерці, які ідзе на адным месцы, і калі ты ў яго ўключаешся, то выйсці ўжо дастаткова цяжка. Гэтая кніга мае пэўнае магічнае ўздзеянне. І калі ўчора Святлане Алексіевіч далі Нобелеўскую прэмію па літаратуры, то я, як і многія, на розных узроўнях, эмоцыяў і аналізу, толькі пра гэта думаў і казаў, і ў думках сваіх вяртаўся да гэтай кнігі. Бо ў творчасці такіх пісьменнікаў, як Святлана Алексіевіч, Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў мы бачым той вялікі гуманізм, які пярэчыць у прынцыпе сутнасці смерці. Гэтая кніга з’яўляецца фактычным дакументам пра тое, што такое смяротнае пакаранне і чаму яго не павінна быць у Беларусі”.
У кнізе таксама зроблены акцэнт на рэпрэсіях супраць апанентаў улады. Паводле ўкладальнікаў выдання, беларускае грамадства паступова забывае пра Курапаты, пра той страшны перыяд нашай гісторыі, калі людзей рашэннем суда каралі смерцю за іншыя погляды, але варта памятаць: у краіне, дзе існуе смяротнае пакаранне, гэты механізм у любы час можа быць скарыстаны супраць апанентаў кіруючага рэжыму.
Прэзентацыя дакументальнай кнігі "Смяротнае пакаранне ў Беларусі" адбылася ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання, які праваабаронцы праводзяць з 5 па 10 кастрычніка.