Апублікаваны маніторынг па свабодзе асацыяцыяў за II квартал 2015 году
Асамблея НДА Беларусі і Цэнтар прававой трансфармацыі падрыхтавалі маніторынг “Свабода асацыяцыяў і прававы стан некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі” за другі квартал 2015 году.
Аўтары маніторынгу прааналізавалі найбольш важныя падзеі ў галіне свабоды асацыяцыяў за красавік — чэрвень 2015 году.
З дакумэнта мы даведваемся, што Міністэрства юстыцыі апублікавала дадзеныя вынікаў працы сваіх органаў па дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, фондаў за першы квартал 2015 году. Акрамя таго Міністэрства прывяло інфармацыю пра колькасьць і накірункі дзейнасьці зарэгістраваных у Беларусі НДА. Па стане на 1 красавіка 2015 году ў краіне было зарэгістравана 15 палітычных партыяў і 1078 партыйных арганізацыяў, 37 прафэсійных саюзаў і 22881 прафсаюзная арганізацыя, 2607 грамадзкіх аб’яднаньняў, зь іх 228 міжнародных, 707 рэспубліканскіх і 1672 мясцовых.
За студзень-сакавік 2015 году ў Беларусі было зарэгістравана 21 новае грамадзкае аб’янаньне (1 міжнароднае, 2 рэспубліканскіх і 18 мясцовых), 1 саюз (асацыяцыя) мясцовых грамадзкіх аб’яднаньняў і 4 новых фонды (1 міжнародны і 3 мясцовых). Тым ня менш колькасьць выпадкаў адмоваў у рэгістрацыі не зьмяншаюцца, адзначаюць юрысты. Так, Міністэрства юстыцыі ўжо ў трэці раз адмовіла ў рэгістрацыі Праваабарончаму аб’яднаньню “За справядлівыя выбары”, а таксама Моладзеваму аб’яднаньню “Сучасны погляд”.
Аўтары маніторынгу адзначаюць, што напярэдадні выбараў, якія маюць адбыцца 11 кастрычніка актывізаваўся ціск на праваабарончыя арганізацыі. Таксама з тэксту маніторынку даведваемся, што напачатку чэрвеня ў Гомелі ў дамох пастара царквы “Преображение” Сяргея Нікалаенка, а таксама дзякана царквы Аляксандра Чуева супрацоўнікі міліцыі правялі вобшукі. Са словаў царкоўных служак, у адносінах да іх вядзецца праверка па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэксу за дзейнасьць у складзе незарэгістраванай арганізацыі.
Таксама ў маніторынгу падрабязна апісаныя рэкамэндацыі ад замежных краінаў у месжах працэдуры Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду (UPR), які Беларусь праходзіла ўжо ў другі раз. Не забыліся аўтары адзначыць першы Беларускі форум некамэрцыйнага права, які прайшоў у Вільні 23-24 траўня.
Спампаваць маніторынг па свабодзе асацыяцыяў за II квартал 2015 году на расейскай і ангельскай мовах.