viasna on patreon

Брэст: у складзе тэрытарыяльных выбарчых камісій апазіцыі няма

2015 2015-07-22T12:15:36+0300 2015-07-22T12:15:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chynouniki-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Большая частка месцаў у створаных выбаркамах Ленінскага і Маскоўскага раёнаў абласнога цэнтра аддадзена прадстаўнікам праўладных грамадскіх аб’яднанняў.

Сумеснае паседжэнне прэзідыума Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў і гарвыканкама наконт фармавання тэрытарыяльных камісій па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь доўжылася толькі 12 хвілін. За гэты час удзельнікі паседжання (без аніякага абмеркавання) паспелі стварыць абедьзве раённыя выбарчыя камісіі ў горадзе, уключыўшы ў кожную па 13 чалавек. Як заўважыў праваабаронца Уладзімір Вялічкін, новых асоб у складзе выбаркамаў амаль не заўважана: былі ўхваленыя кандыдатуры, якія мелі дачыненнне да мінулых выбарчых кампаній, а шмат хто з сябраў камісій працуе ў гарадскіх органах кіравання.

Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай працы гарвыканкама Ніна Матысік патлумачыла, чаму перавага была аддадзена прадстаўнікам грамадскіх аб’яднанняў кшталту РГА “Белая Русь”, БРСМ, жаночых і ветэранскіх арганізацый. “Пры фармаванні камісій ўдзельнікі паседжання перш за ўсё звярталі ўвагу на кампетэнтнасць прэтэндэнтаў і маштабы арганізацый, якія яны прадстаўляюць, - распавяла Матысік. - Напрыклад, Брэсцкая гарадская арганізацыя ветэранаў налічвае звыш 58 тысяч чалавек, БРСМ - больш за 17 тысяч. Больш за чатыры тысячы чалавек з’яўляюцца сябрамі РГА “Белая Русь” і амаль столькі ж - у Беларускім саюзе жанчын”. Таму, кажа чыноўніца, прадстаўнікі ўсіх гэтых арганізацый увайшлі ў склад утвораных у абласным цэнтры раённых камісій.

Што тычыцца палітычных партый, дык у выбарчую камісію Ленінскага раёна ад іх паступіла 6 заяў, а ў Маскоўскую раённую камісію – 5. У выніку ў склад тэрытарыяльных выбаркамаў трапілі два вылучэнца ад КПБ і адзін - ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Нязгодная з такім падыходам старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Людміла Дзенісенка, якая выказала здзіўленне, што ў склад камісіі не трапілі сябры гэтай партыі, кіраўнік якой (Сяргей Калякін) мае зарэгістраваную ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты. У адказ прагуча знаёмы аргумент – пра неабходнасць мець досвед працы ў выбаркамах і быць “масавай і аўтарытэтнай сілай”.

“Падчас паседжання я выказаў жаданне азнаёміцца з матэрыяламі, якія тычацца працэдуры вылучэння прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій (пратаколы сходаў адпаведных структур палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і працоўных калектываў, заявы грамадзян), - паведаміў Уладзімір Вялічкін. – Старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук параіў звярнуцца да загадчыцы юрыдычнага аддзела, а тая прапанавала даслаць па гэтым пытанні пісьмовы запыт”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства