viasna on patreon

Магілёўскую журналістку будуць судзіць за супрацоўніцтва з тэлеканалам “БелСАТ”

2015 2015-07-22T11:23:48+0300 2015-07-22T11:34:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/skrabunova-alina.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

21 ліпеня да журналісткі Аліны Скрабуновай па яе месцы пражывання завіталі супрацоўнікі міліцыі, якія паведамілі, што на яе заведзена адміністрацыйная справа і ўручылі позву з’явіцца ў РАУС Ленінскага раёна Магілёва ў 16-30 для азнаямлення з матэрыяламі справы.

Разам з Алінай Скрабуновай у Ленінскі РАУС пайшоў і магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель, які быў заяўлены журналісткай у якасці яе грамадскага прадстаўніка, аднак супрацоўнікі міліцыі не дазволілі яму прадстаўляць інтарэсы дзяўчыны.

У РАУСе журналістка прабыла каля двух гадзін. Пераважную большасць часу яна чакала позву ў суд, якую ёй выпісваў міліцыянер. Ад дачы паказанняў Аліна Скрабунова адмовілася.

Тым часам яна даведалася, што нагодай для завядзення адміністрацыйнай справы стаў сюжэт на незалежным тэлеканале “БелСАТ”, які датычыўся магілёўскага прадпрыемства “Строммашына”. Супрацоўнікі міліцыі спаслаліся на тое, што дзяўчына фігуруе ў кадры, а таксама знайшлі двух жанчын-сведак, якія пацвердзілі, што Аліна Скрабунова нібыта прадстаўлялася карэспандэнтам тэлеканала “БелСАТ”.

Пратакол на журналістку складзены па арт.22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях - парушэнне заканадаўства аб СМІ. Суд над ёй адбудзецца 23 ліпеня.

Аліна Скрабунова пакуль не каментуе сітуацыю, аднак кажа, што ведала, што ёй цікавіцца міліцыя. Цягам апошняга месяца яны неаднаразова прыходзілі да яе знаёмых і блізкіх і распытвалі пра яе занятак.

Нагадаем, што цягам апошняга года міліцыя праяўляе вялікую ўвагу да незалежных журналістаў. Праз шэраг судовых пасяджэнняў прайшлі магілёўскія журналісты Уладзімір Лапцэвіч, Алесь Буракоў, Ігар Барысаў. У апошніх двух на кватэры адбываліся вобшукі, якія суправаджаліся выняццем кампутараў. Усе журналісты атрымалі штрафы за парушэнне заканадаўства аб СМІ. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства