Былы генеральны дырэктар “Крычаўцаменташыфера” асуджаны, пытанні засталіся
Суд Крычаўскага раёна вечарам 14 ліпеня вынес прысуд былому генеральнаму дырэктару “Крычаўцаменташыфера” Леаніду Скоцкаму. Ён пакараны 10 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і з немагчымасцю на працягу пяці гадоў займаць кіруючыя пасады, звязаныя з кантрольна-распарадчымі функцыямі.
Згодна рашэння суда, 1 год з агульнага тэрміну пакарання Леаніду Скоцкаму скарацілі ў сувязі з амністыяй да 70-годдзя перамогі ў ВАВ. Таксама ў залік тэрміну адбыцця пакарання быў залічаны той перыяд, калі былы гендырэктар знаходзіўся пад вартай – Леанід Скоцкі быў арыштаваны 13 верасня 2013 года.
Сам Леанід Скоцкі ў сваім выступе ў судзе сваю віну прызнаў часткова. Згодна Скоцкага, грошы на “Крычаўцэменташыферы” збіралі не для яго асабіста, а па славянскай традыцыі “складчыны” для таго, каб забяспечыць годны прыём прыязджаючым на прадпрыемства дэлегацыям і высокім гасцям. Былы гендырэктар казаў пра тое, што такая “традыцыя” існуе і ў школах, дзіцячых садках. Таксама Скоцкі адзначыў, што людзі, якія збіралі грошы на прадпрыемстве, не ўсё перадавалі яму, па яго словах, яны займаліся “крысятнічаствам”. Леанід Скоцкі выказаў меркаванне, што было запалохванне з боку следчых органаў сведкаў, якія давалі сведчанні па яго справе ў судзе.
Журналісты крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад”, якія прысутнічалі на судовым працэсе ад самага яго пачатку, адзначаюць, што на судовым працэсе цалкам пацвердзілася інфармацыя пра адладжаную сістэму пабораў, якая існавала на ААТ “Крычаўцэменташыфер”, калі ў якасці генеральнага дырэктара там працаваў Леанід Скоцкі. Разам з тым, у іх выклікала шмат пытаннняў, чаму суд не зацікавіўся сведчаннямі Леаніда Скоцкага і яго адвакаткі, якія падчас працэсу неаднаразова казалі пра тое, што сабраныя з людзей грошы выкарыстоўваліся для забеспячэння харчавання дэлегацый з міністэрства і іншых уладных структур і для набыцця каштоўных падарункаў для чальцоў гэтых дэлегацый. Ніхто з гэтых высокапастаўленых чальцоў так і не быў выкліканы ў суд Крычаўскага раёна.
Рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны адзначыў, што, нягледзячы на тое, што разгляд крымінальнай справы ў адносінах былога генеральнага дырэктара “Крычаўцэменташыфера” выклікала вялікі рэзананс сярод насельніцтва Крычаўскага раёна, пра судовы працэс амаль не было інфармацыі на старонках дзяржаўнай раёнкі “Крычаўскае жыццё”. Журналісты “Крычаўскага жыцця” не прыйшлі ў суд нават 14 ліпеня, калі Леанід Скоцкі выступаў у судзе з апошнім словам і калі быў вынесены прысуд у адносінах да былога генеральнага дырэктара горадаўтваральнага прадпрыемства.
Суд Крычаўскага раёна пачаў разгляд крымінальнай справы ў адносінах да былога генеральнага дырэктара “Крычаўцэменташыфера” Леаніда Скоцкага 10 сакавіка. Леанід Скоцкі абвінавачваўся згодна ч.3 арт. 424 (злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі), ч. 1 і 2 арт. 430 (атрыманне хабара) Крымінальнага кодэкса. Па дадзеных следства, Леанід Скоцкі незаконна атрымаў у агульнай колькасці 214 мільёнаў рублёў. Згодна следства, былы генеральны дырэктар датычны да 12 эпізодаў пабораў грашовых сродкаў з прэмій працаўнікоў завода. Леанід Скоцкі, атрымліваючы заробак каля 30 млн. рублёў, не грэбаваў браць хабары ў 20 долараў, а таксама харчавацца ў завадской сталовай, не аплочваючы за гэта грошы.
Нагадаем, што генеральны дырэктар ААТ “Крычаўцэменташыфер” Леанід Скоцкі быў затрыманы восенню 2013 года супрацоўнікамі МУС і КДБ пры перадачы грошай. Леанід Скоцкі спрабаваў прысвоіць 40 мільёнаў рублёў, выдадзеных працаўнікам прадпрыемства ў якасці прэміі "за эканомію паліўна-энергетычных рэсурсаў” у першым паўгоддзі 2013 года.
Да свайго прызначэння на пасаду генеральнага дырэктара “Крычаўцэменташыфера” Леанід Скоцкі працаваў намеснікам старшыні Крычаўскага райвыканкама, на момант арышту ён таксама з’яўляўся членам Крычаўскага раённага выканаўчага камітэта. У 2012 годзе Леанід Скоцкі быў прызнаны “Чалавекам года” Крычаўскага раёна.