viasna on patreon

Салігорск: праваабаронца абскарджвае дзеянні мясцовага Савета дэпутатаў

2015 2015-07-08T09:04:20+0300 2015-07-08T09:04:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marhotka-sal-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Мархотка, прадстаўнік БХК у Салігорску

Леанід Мархотка, прадстаўнік БХК у Салігорску

Праваабаронца Леанід Мархотка накіраваў у Мінскі абласны Савет дэпутатаў скаргу на адмову прэзідыума Салігорскага раённага Савета вынесці на чарговае сесійнае паседжанне праект пастановы “Аб свабодзе мірных сходаў”.

30 красавіка прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэту Леанід Мархотка звярнуўся ў мясцовы Савет дэпутатаў з патрабаваннем адмены рашэння раённых ўладаў “Аб вызначэнні месцаў правядзення масавых мерапрыемстваў”. Да свайго звароту праваабаронца далучыў праект пастановы “Аб свабодзе сходаў у горадзе Салігорску і Салігорскім раёне”. У адпаведнасці з законам “Аб мясцовым самакіраванні”, праекты рашэнняў па пытаннях мясцовага значэння, унесеныя грамадзянамі ў Савет, падлягаюць абавязковаму разгляду на сесіі Савета з удзелам прадстаўнікоў грамадзян. Парушаючы заканадаўча замацаваную працэдуру і рэгламент, прэзідыум райсавета патрабаванне праваабаронцы не задаволіў.

У сваёй скарзе з гэтай нагоды ў Мінскі абласны Савет дэпутатаў Леанід Мархотка нагадвае, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Рэалізацыя права грамадзян на вольнае выяўленне свайго меркавання і права на мірныя сходы ёсць важнейшым палітычным правам. Апелюючы акрамя айчынных норм да Міжнароднага паката аб грамадзянскіх і палітычных правах, праваабаронца патрабуе прызнаць незаконным рашэнне прэзідыума Салігорскага раённага Савета дэпутатаў аб адмове ў разглядзе на сесіі прапанаванага ім праекта пастановы “Аб свабодзе мірных сходаў”.

Спадар Мархотка таксама просіць разгледзець на чарговай сесіі Мінскага абласнога Савета дэпутатаў пытанне аб адмене неправавога рашэння салігорскіх уладаў “Аб вызначэнні месцаў правядзення масавых мерапрыемстваў”. Да сваёй просьбы праваабаронца зноўку далучае праект пастановы “Аб свабодзе мірных сходаў у г.Салігорску і Салігорскім раёне”. Акрамя таго, Леанід Мархотка патрабуе прадставіць яму магчымасць прысутнічаць на паседжанні Савета пры разглядзе прапанаванага ім праекта пастановы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства