Бяроза: пададзена касацыйная скарга па справе аб забароне пікета
Бярозаўскія праваабаронцы падалі касацыйную скаргу ў Брэсцкі абласны суд з мэтай абскарджвання рашэння суда Бярозаўскага раёна, які прызнаў забарону пікета 25 сакавіка абгрунтаванай. Падставай для забароны, з якой пагадзіўся суд першай інстанцыі, стала адна з мэтаў пікету, а менавіта: патрабаванне вызвалення палітвязняў. Спачатку бярозаўскія чыноўнікі, а затым і суддзя Наталля Мінчанка ўбачылі ў гэтым распальванне нацыянальнай варожасці і прызыў да экстрэмізму.
На думку праваабаронцаў, у судзе іх словы не браліся пад увагу, бо, маўляў, даказы і пісьмовае паведамленне райвыканкама пераканала суддзю, што заяўнікі пікету сваім патрабаваннем вызвалення палітвязняў падтрымліваюць тыя крымінальныя злачынствы, якія гэтыя людзі здзейснілі. І калі гэтыя людзі выйдуць на волю, па словах юрыста райвыканкама Яўгена Кашталяна, з чым пагадзіліся суддзя і пракурор, то ізноў возьмуцца за старое, калі ў іх ёсць такія заступнікі.
Паводле праваабаронцаў, чыноўнікі Бярозаўскага райвыканкама, адмаўляючы ў правядзенні пікетаў, дайшлі да абсурду. Дзве прычыны: экстрэмізм, заклік да вайны, гвалту, сацыяльнай і нацыянальнай напружанасці – у іх прыдатныя да любых мэтаў пікетаў.
Бярозаўскія чыноўнікі за апошнія 18 гадоў не дазволілі ніводнага масавага мерапрыемства дэмакратычнай грамадскасці.